Анісім: Не паспела параіцца з мужам перад тым, як абвесціць, што пайду ў прэзідэнты

19.02.2019 / 13:07

Старшыня ГА «Таварыства беларускай мовы», дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім адказала на пытанні «Народнай Волі» наконт свайго магчымага ўдзелу ў будучай прэзідэнцкай кампаніі.

— Спадарыня Алена, цікава, а як вашы блізкія адрэагавалі на тое, што вы сабраліся балатавацца ў прэзідэнты?

— Родныя браты і сыны ў мае справы асабліва не ўнікаюць. Але ў 2014 годзе, калі я таксама гаварыла пра прэзідэнцкія выбары, даволі спакойна паставіліся. Я нават не ўпэўнена, што мае сыны моцна цікавяцца палітыкай.

— А муж? З яго боку якія каментарыі былі?

— Муж змірыўся (смяецца).

— Вы з ім раіліся наконт выбараў?

— Усё атрымалася вельмі спантанна. Прачытаўшы чарговую спасылку, у якой была спроба дыскрэдытаваць як маё імя, так і дзейнасць арганізацыі, я вырашыла адрэагаваць. І напісала, што нават калі б і не хацела ўступаць у найбліжэйшыя палітычныя кампаніі, то пасля такой раскруткі проста абавязана гэта зрабіць. А паколькі інфармацыя ў сацсетках распаўсюджваецца вельмі хутка, мне адразу пасыпаліся пытанні на гэтую тэму. І я ні з кім параіцца нават не паспела, і з мужам у тым ліку. Але, з іншага боку, мае мужчыны цэняць не толькі сваю свабоду, але і свабоду іншых. Таму ўсё нармальна…