Жодзінская міліцыя выехала на сямейны скандал, а знайшла каля пяці кілаграмаў насваю
21.02.2019 / 14:15
Ноччу ў Жодзінскі ГАУС паступіў сігнал з кватэры па праспекце Міра аб сямейным канфлікце. Участковыя даставілі ў гараддзел удзельнікаў сваркі, піша mlyn.by.
Затым высветлілася, што адзін з затрыманых (малады чалавек, 21 год) захоўвае ў кватэры некурыльную тытунёвую сумесь «насвай». У выніку праверкі інфармацыя пацвердзілася, пакет знайшлі ў шафе.
— Гаспадар забароненага рэчыва распавёў, што набыў насвай у Расіі, адкуль і прывёз у Жодзіна. Курыльная сумесь яму патрэбна была для ўласнага спажывання. Аднак колькасць канфіскаванага рэчывы — больш за 4,8 кг — выклікае сумневы на гэты конт, — распавёў начальнік аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Жодзінскага ГАУС Міхаіл Рогаў.