П'яны гамяльчук спрабаваў скрасці «Жыгулі», але перашкодзіла лавачка ў двары

26.02.2019 / 21:19

Увечары 25 лютага ў міліцыю паступіла паведамленне, што ў адным гомельскім двары жыгулі ўрэзаліся ў лавачку і адляцелі ў слуп. Пры гэтым кіроўца з месца ДТЗ збег.

На месца здарэння выехалі супрацоўнікі ДАІ. Высветлілася, што ўладальнік аўто ў гэты час быў дома, нікуды не выязджаў. Праваахоўнікі апыталі відавочцаў аварыі. Так з'явіўся прыблізны партрэт зламысніка. Міліцыянты агледзелі суседнія двары.

Вывучаючы запіс з камеры відэаназірання ў адной з крам, пазналі па прыкметах гэтага чалавека. Неўзабаве атрымалася высветліць асобу злачынца. Праваахоўнікі выехалі да яго дадому, дзе і затрымалі.

У момант здзяйснення злачынства 25-гадовы хлопец быў п'яны, віну прызнаў, але свой учынак растлумачыць не змог.