Лукашэнка: Алкашам няма месца за рулём, трэба караць больш жорстка

28.02.2019 / 11:25

Аляксандр Лукашэнка падтрымлівае ўзмацненне жорсткасці адказнасці для кіроўцаў, якія селі п'янымі за руль.

Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, прымаючы з дакладам міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, піша БелТА.

«Вы спрабуеце прапанаваць узмацненне адказнасці па лініі ДАІ. Яно і трэба рабіць больш жорсткім: алкашам месца за рулём няма. І тут павінна быць жорстка, асабліва калі гэта звязана з тым, што ты сеў за руль п'яны і забіў чалавека. Тут размоваў быць не павінна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Гэта ўзмацненне, можа быць, і не запатрабуе такой колькасці нашых супрацоўнікаў (ДАІ). Я да прыкладу кажу. Хоць, напэўна, цяжка будзе скараціць, але магчыма. Нічога немагчымага няма, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэтыя пытанні, можа быць, не гэтулькі для сённяшняга аналізу і абмеркавання, колькі яны будуць стаяць на выніковай нарадзе».

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што на будучай нарадзе міліцыя будзе ў цэнтры ўвагі, бо гэта асноўнае і самае буйное падраздзяленне ў сістэме праваахоўных органаў. «І многія пытанні ў сферы ўнутранай і нават знешняй бяспекі тычацца нашай міліцыі», — дадаў ён.