Пальчыса будуць судзіць за «Ноч расстраляных паэтаў»

28.02.2019 / 12:01

Эдуарда Пальчыса, палітычнага блогера і чалавека, які бярэ актыўны ўдзел у падрыхтоўцы святкавання «БНР-101», выклікаюць у суд 1 сакавіка. 

Як сказаў Пальчыс «Нашай Ніве», разглядаць справу будзе суддзя Сямёнаў В. С, па адміністратыўным артыкуле 23.34 — «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў». 

Гаворка ідзе ажно пра «Ноч расстраляных паэтаў», якая прайшла 29 кастрычніка. 

«Хаця прайшоў ужо тэрмін даўніны, справу адправілі на нейкую дапрацоўку — гэта ў іх такі новы лайфхак, здаецца, — сказаў Пальчыс. — Гэта тыповая, здаецца, палітыка ўладаў пры падрыхтоўцы да 25-га сакавіка. Летась яны таксама завялі справу, потым прыпынілі, і адразу пасля 25-га перагледзелі і далі штраф. Магчыма, і цяпер хочуць зрабіць нейкі знак ці намёк, але я яго кепска разумею».

Пакуль з актывістаў святкавання «БНР-101» позву атрымаў толькі Пальчыс.

У Курапатах прайшла «Ноч расстраляных паэтаў» АНЛАЙН-ВІДЭА + ФОТАРЭПАРТАЖ

АЯ