МЗС пракаментавала канфлікт паміж Індыяй і Пакістанам

28.02.2019 / 12:35

«Рэспубліка Беларусь з трывогай назірае за эскалацыяй напружанасці ў адносінах паміж дзвюма дружалюбнымі для нашай краіны дзяржавамі — Індыяй і Пакістанам», — гаворыцца ў заяве замежнапалітычнага ведамства.

Беларусь паслядоўна праводзіць міралюбную замежную палітыку, прынцыпова выступаючы за вырашэнне любых спрэчных сітуацый выключна мірным шляхам. Наша краіна таксама рашуча асуджае любыя формы і праявы тэрарызму незалежна ад паходжання тэрарыстаў і матываў, якімі яны кіруюцца.

«Рэгіён Паўднёвай Азіі, да якога належаць Індыя і Пакістан, што валодаюць ядзернай зброяй, надзвычай важны для падтрымання міжнароднага міру і бяспекі. Некантраляваная эскалацыя напружанасці ў гэтым рэгіёне можа справакаваць небяспечныя і непрадказальныя наступствы», — адзначае МЗС і заклікае «ўсе зацікаўленыя бакі да праявы разважлівасці і стрыманасці, выкарыстання ўсіх магчымых сродкаў для зняцця напружанасці на аснове перамоваў і кансультацый, не звяртаючыся да выкарыстання ваеннай сілы».