Наскевіч пацвердзіў адстаўку двух высокапастаўленых следчых

01.03.2019 / 09:52

Старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч пацвердзіў журналістам адстаўку двух высокапастаўленых следчых, пра якія раней паведамляў Tut.by.

«Пакуль праводзіцца праверка, ці заведзена крымінальная справа, у інтарэсах следства дэталі раскрываць нельга. Але яны сапраўды адпраўленыя ў адстаўку ў сувязі з атрыманнем інфармацыі, дастатковай для прыняцця такога рашэння», — паведаміў кіраўнік СК.

Ён таксама паабяцаў праінфармаваць грамадскасць аб выніках расследавання.

Нагадаем, два тыдні таму сваю пасаду пакінуў начальнік аддзела па расследаванні злачынстваў у сферы эканомікі Упраўлення СК па горадзе Мінску палкоўнік Ілля Валозін і яго калега, супрацоўнік Цэнтральнага апарата Следчага камітэта Андрэй Качур.

Па неправеранай інфармацыі, Андрэй Качур праходзіць у якасці падазраванага па крымінальнай справе. Аб прычынах адстаўкі Іллі Валозіна афіцыйна не паведамляецца. Яго аддзел займаўся многімі гучнымі эканамічнымі справамі — ад справы Віталя Арбузава і групы кампаній Fenox да другой справы Аляксандра Мураўёва і справы лідараў прафсаюза РЭП Фядыніча і Комліка.