На гарадзенца, які зламаў лапу сабаку і кінуў у полі, распачалі крымінальную справу
01.03.2019 / 10:27
Фота абласной міліцыі
На 24-гадовага гарадзенца пачалі крымінальную справу за жорсткае абыходжанне з жывёлай, паведамляе абласная міліцыя.
Здарэнне адбылося ў гродзенскім мікрараёне Альшанка напрыканцы студзеня. Мясцовы жыхар з балкона сваёй кватэры пабачыў у полі шчанюка. Сабака ўмерз у лёд і амаль загінуў. Мужчына паведаміў пра інцыдэнт зоаабаронцам. Тыя даставілі сабаку ў ветэрынарную клініку, дзе ў жывёлы дыягнаставалі пералом сцегнавой косткі са зрушэннем.
Неўзабаве знайшлі гаспадара сабакі. Малады чалавек зламаў яму лапу, стукнуўшы па ёй нагой. Хлопец не адмаўляш, што біў сабаку. Свае паводзіны ён патлумачыў жыццёвымі цяжкасцямі. Дарэчы, пасля здарэння мужчына з'ехаў з кватэры, якую здымаў на Альшанцы.
Следчы камітэт пачаў на гродзенца крымінальную справу. Яму пагражаюць грамадскія работы, штраф, папраўчыя работы на тэрмін да аднаго года або арышт.