15-гадовы кандытар-вундэркінд з Маладзечна: «У бацькоў кішэнных грошай я больш не прашу»

11.03.2019 / 17:30

«Пра мой торт ніхто не скажа, што «ён на аматара». Такога не бывае. Што смачна, тое смачна ўсім без выключэння», — упэўнена заяўляе Глеб Рудзько.

Глебу было 13 гадоў, калі ён на гадавіну вяселля сваёй сястры паспрабаваў спячы торт. Вынік працы яму так спадабаўся, што ўжо два гады 10-класнік літаральна не адыходзіць ад пліты. І прызнаецца, што шчаслівы, што ў свае 15 знайшоў справу ўсяго жыцця.

«Цяпер я мару адкрыць кавярню. Каб яна была такой, як я сабе ўяўляю: месца, куды людзі прыходзяць выпіць кавы, седзячы ля акна, і з’есці самы смачны дэсерт, які толькі можа быць», — распавядае Глеб.

Глеб расказвае, што ўжо забыўся, калі апошні раз прасіў у бацькоў грошы на кішэнныя расходы.

Першы свой торт Глеб Рудзько зрабіў, калі яму было 13 гадоў.

«Майго заробку за торты хапае на тое, каб купляць эксклюзіўныя рэцэпты, наведваць майстар-класы, набываць абсталяванне. За свае грошы магу схадзіць у кіно і зрабіць дарагую стрыжку. Пры гэтым я прадаю торты зусім не дорага, бо лічу сябе толькі кандытарам-пачаткоўцам, мне трэба напрацоўваць і кліентаў, і свой асаблівы стыль», — кажа Глеб.

Мужчынам — шакалад, жанчынам — пяшчоту

За два гады Глеб спёк каля сотні тортаў і іншых кандытарскіх вырабаў: пернікаў, безэ, суфле, эклераў.

«Самы любімы торт у мяне і ў маіх кліентаў — гэта «Снікерс». На другім месцы па папулярнасці ідуць ёгуртавыя торты. Мне не цікава рабіць адзін і той жа торт, я люблю эксперыментаваць і спрабаваць рознае спалучэнне смакаў, часам здараюцца вельмі нечаканыя адкрыцці. Напрыклад, вы каштавалі торт з начыннем з лаванды і парэчкі?

І для мяне самая большая крыўда была б, каб пра мой торт сказалі, што «ён на аматара». Такога не бывае. Што смачна, тое смачна ўсім без выключэння», — упэўнены Глеб.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Торты на заказ Молодечно (@mr.glebcake)

У сям’і Глеба ніхто, акрамя яго, не ўмее гатаваць дэсерты і не робіць гэтага.

Маці працуе выхавальніцай у дзіцячым садку, бацька — на чыгунцы.

«Мне толькі бабуля расказвала, што яе бабуля пякла караваі на вяселлі. Напэўна, ува мне прачнуліся гены маёй далёкай бабулі», — кажа Глеб.

Глеб Рудзько расказвае, што часцей за ўсё торты замаўляюць на дні нараджэнні, юбілеі, а таксама на фотасесіі для дзяцей, якім споўніўся годзік, каб яны маглі «ўляпацца ў торт».

«На вяселлі мне замаўлялі пакуль толькі тры торты. Упершыню рабіў двух'ярусны торт. Гэта вялікая адказнасць, і я вельмі рады, што мне давяраюць такую працу», — працягвае Глеб.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Торты на заказ Молодечно (@mr.glebcake)

У хлопца ні разу не здаралася такога, каб у яго адмовіліся заказваць торты з-за ўзросту.

«Хутчэй, думаю, наадварот, мой узрост — гэта мой плюс. Людзі як разважаюць: раз маленькі, значыць, больш сумленны і будзе працаваць як трэба. Што, насамрэч, і праўда».

А вось з несумленнымі іншымі кандытарамі здаралася сутыкацца.

«Вядома, што сваіх кліентаў я шукаю праз сацыяльныя сеткі. І вось аднойчы заўважыў, што на паведамленні маіх падпісчыкаў адказвае нейкая невядомая жанчына, якая пад маімі пастамі піша свае кошты і свае тэлефоны. Я напісаў ёй: «Як вам не сорамна?» А што яна? Заблакавала мяне паўсюль. Крыўда, канечне, што такое адбываецца», — кажа Глеб.

Канкурэнцыі пры гэтым хлопец не баіцца:

«Я, напрыклад, не працую з мастыкай. Таму людзі, якім падабаюцца такія торты, проста замаўляюць іх у іншым месцы. Я неяк паглядзеў у інтэрнэце, што ў Амерыцы верхні слой з мастыкі наогул не ядуць, яго проста здымаюць і выкідваюць. Я ж не хачу, каб нешта з маіх тортаў выкідвалася. Таму нават упрыгожанні з кветак я імкнуся рабіць з карамелі».

Што датычыцца густу сваіх кліентаў, за два гады Глеб зразумеў, што мужчыны і жанчыны любяць абсалютна розныя рэчы.

«Мужчыны выбіраюць штосьці вельмі шакаладнае. А жанчын кожны раз трэба здзіўляць. Яны пяшчотныя і любяць нешта такое: ваніль, ёгурт. Вельмі добрыя водгукі на торт са спецыямі і яблыкам, таксама незвычайны смак у шпінаце, мяце і лімоне. Сам жа я люблю торт «Маліна Шакаладаўна», — расказвае Глеб.

І працягвае:

«Неяк я купіў торт у краме і літаральна не змог даесці нават адзін кавалак. Не смачна, не натуральна. Думаю, калі вы пакаштуеце хоць раз торт ад кандытара, вы таксама не зможаце есці куплёныя торты. Цяпер, калі мне хочацца чагосьці смачнага, я бягу ў краму і купляю масла, муку, малако, цукар, каб самому спячы смачны дэсерт. Мама нават сварыцца на мяне, кажа: калі я ўжо вазьмуся за вучобу, увесь час на кухні».

Стварэнне торта на ўрачыстасць — працэс доўгі і карпатлівы.

«У першы дзень я пяку бісквіт, які трэба, каб суткі вылежаўся, на другі дзень гатую крэм і збіраю торт. Затым торту патрэбны яшчэ адзін дзень, каб каржы прапіталіся, каб торт прыняў канчатковую форму. А ўжо на трэці дзень торт упрыгожваецца пернікамі, кветкамі з карамелі, фруктамі або сапраўднымі кветкамі», — дзеліцца Глеб.

Настаўніцы самі замаўляюць у мяне торты

Цяпер Глеб вучыцца ў 10 класе. Хлопец прызнаецца, што ён, акрамя ўрокаў, заняты яшчэ і ў пазашкольнай працы.

«Я займаюся танцамі, раней спяваў, часта вяду розныя мерапрыемствы, удзельнічаю ў конкурсах. Вядома, большасць настаўнікаў ведае пра маё захапленне і часам нават падчас урокаў падыдуць і могуць падзяліцца, што там і там адкрыўся новы магазін з рознымі кандытарскімі штучкамі. Здаралася, што і торты ў мяне замаўлялі. А аднакласнікі па-рознаму ставяцца. Некаторыя, бачу, зайздросцяць, па мянушцы мяне называюць — Глеб-кейк, бо так мая старонка ў інстаграме называецца. А што я? Ну здзекуйцеся, затое я дакладна ведаю, чым хачу займацца і чым магу зарабляць».

Глеб вучыцца ў філалагічным класе з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы.

«Я не магу сказаць, што мова і літаратура — мае любімыя прадметы. Толькі цяпер я з большым задавальненнем чытаю «Вайну і мір», бо на беларускай літаратуры мы праходзім «Людзі на балоце». Не чапляе.

А беларускую мову вельмі люблю і вельмі шкадую, што яе вакол так мала: няма шыльдаў на ўстановах па-беларуску. Мне здаецца, што калі б раптам у Беларусі засталася толькі беларуская мова, людзі сталі б нават дабрэйшымі. Яны б не толькі гутарылі на прыгожай беларускай мове, а і абдымаліся б часцей, бо мне заўсёды хочацца абдымаць чалавека, які гутарыць на чыстай беларускай мове.

Сам я ўсё ж саромеюся размаўляць па-беларуску, хаця з захапленнем, напрыклад, сачу за старонкай дзяўчыны, якая сама пячэ хлеб і вядзе сваю старонку на беларускай мове. Гэта вельмі прыгожа», — кажа Глеб.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Торты на заказ Молодечно (@mr.glebcake)

У найбліжэйшых планах дзесяцікласніка — падцягнуць адзнакі па матэматыцы і засвоіць выраб корпусных цукерак.

«Я проста мару пра тое, каб навучыцца рабіць такі шакалад, каб у ім, як у люстэрку, можна было бачыць сябе. Корпусныя цукеркі — гэта цукеркі з начыннем. Цяпер гляджу розныя майстар-класы, эксперыментую. Але мама сварыцца, што я ў 10 класе з’ехаў па прадметах, таму ад пліты даводзіцца адходзіць, каб засядаць за падручнікі», — расказвае хлопец.

А марыць Глеб пра тое, каб хтосьці замовіў торт на нейкі асаблівы выпадак.

«Ведаеце, як у Амерыцы па торце вызначаюць пол будучага дзіцяці. Калі пра тое, што ўнутры торта, ведае толькі кандытар. Доктар павінен даведацца пол дзіцяці і не казаць пра гэта бацькам, а запячатаць у канверце. Пасля будучыя бацькі аддаюць канверт кандытару, а той, у сваю чаргу, робіць начынку ружовай ці блакітнай. І пол дзіцяці становіцца вядомым толькі тады, калі сям’я збіраецца за сталом і разразае той торт. Па мне, гэта цудоўная ідэя. Ці торт на развод. Я ведаю, што гэта нагода не вельмі радасная, але як цікава падумаць над упрыгожаннем такога торта!»

Глеба смяшыць, калі нехта кажа, што кандытар — гэта не мужчынская прафесія. У спісе зорных кухараў свету — пераважна мужчыны.

«Гэта вельмі цяжкая фізічная праца, якая пад сілу сапраўднаму мужчыну. Паспрабуйце тупаць на кухні цэлы дзень!» — кажа Глеб.

Наталля Тур, фота Таццяны Сафонавай