Лукашэнка зладзіў кадравы чацвер

28.03.2019 / 11:37

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне новых кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, паведамляе БелТА.

Новыя кіраўнікі з'явяцца адразу ў чатырох раёнах Мінска: Заводскім, Кастрычніцкім, Партызанскім і Фрунзенскім.

Кіраваць адміністрацыяй Заводскага раёна сталіцы будзе Сяргей Масляк, які перад гэтым працаваў старшынёй Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска стане Генадзь Любатынскі, які раней працаваў на пасадзе дырэктара камунальнага прадпрыемства «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Заводскага раёна Мінска».

Валерый Вараніцкі ўзгоднены на пасаду кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска. Сюды ён пяройдзе з Ленінскага раёна сталіцы, дзе быў першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі.

Фрунзенскі раён Мінска ўзначаліць Сяргей Шкруднеў, які раней працаваў намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення па справах дзяржаўных органаў — начальнiкам упраўлення рэгіянальнага развіцця Апарату Саўміна.

Лукашэнка таксама ўзгадніў прызначэнне Аляксандра Ласевіча старшынёй Лагойскага райвыканкама. Да гэтага часу ён працаваў першым намеснікам старшыні, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Пухавіцкага райвыканкама.

Аляксандр Новікаў узгоднены на пасаду гендырэктара «Гомсельмаша», а Андрэй Лучанок прызначаны паслом у ААЭ і па сумяшчальніцтве ў Кувейце, Бахрэйне і Саудаўскай Аравіі.

Таксама Лукашэнка даў згоду на прызначэнне новых намеснікаў міністра транспарту і камунікацый, дадае БелТА.

Аляксей Ляхновіч, які раней працаваў намеснікам міністра транспарту і камунікацый, узгоднены на прызначэнне першым намеснікам міністра.

На пасады намеснікаў міністра ўзгоднены Андрэй Іваноў, які да цяперашняга часу працаваў дырэктарам дзяржаўнай установы «Белаўтастрада», і Наталля Александровіч, якая раней кіравала галоўным упраўленнем эканомікі і фінансаў Міністэрства транспарту і камунікацый.