Выбары ва Украіне: сацыёлагі паказалі апошняе апытанне перад днём галасавання
28.03.2019 / 13:23
Кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Зяленскі ўзначальвае прэзідэнцкі рэйтынг — яго гатовыя падтрымаць 28,5% тых, хто ўжо вызначыўся з выбарам.
Пра гэта сведчаць вынікі апытання, праведзенага Фондам «Дэмакратычныя ініцыятывы» імя Ілька Кучэрыва сумесна з Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялогіі з 20 па 26 сакавіка, паведамляе «Украінская праўда».
За дзейнага прэзідэнта Пятра Парашэнку гатовыя прагаласаваць 18,8%, за лідара партыі «Бацькаўшчына» Юлію Цімашэнка — 13,3%.
Далей ідуць Юрый Бойка — 11,5%, Анатоль Грыцэнка — 8,6%, Алег Ляшко — 5,4%, Ігар Смяшко — 4,5%, Аляксандр Вілкул — 4,1%, Руслан Кашулінскі — 1,8%.
Астатнія кандыдаты набіраюць менш за 1% галасоў.
Адзначаецца, што Зяленскага найбольш падтрымліваюць у паўднёвым рэгіёне (26% сярод тых, хто мае намер узяць удзел у выбарах), але і ў іншых рэгіёнах падтрымка значная: 19% — на ўсходзе, 18% — у цэнтры, 16% — на захадзе.
Парашэнку больш падтрымліваюць у заходнім (17%) і цэнтральным (15%) рэгіёнах, менш на поўдні (10%) і яшчэ менш на ўсходзе (5%).
Цімашэнка мае адносна раўнамерную падтрымку на захадзе (11%), поўдні (10%) і ў цэнтры (9%) і значна меншую — на ўсходзе (3%).
Зяленскі з'яўляецца абсалютным лідарам у маладых выбаршчыкаў: ва ўзроставай катэгорыі да 30 гадоў за яго гатовы прагаласаваць 45% выбаршчыкаў.
Далей падтрымка паступова зніжаецца: 26% сярод выбаршчыкаў ва ўзросце 30—44 гадоў, 12% — сярод выбаршчыкаў 45—59 гадоў і 6% — сярод тых, каму за 60 гадоў.
Парашэнку, наадварот, менш падтрымлівае моладзь ва ўзросце да 30 гадоў (7%), а ў іншых узроставых катэгорыях падтрымка на ўзроўні 13—15%.
Цімашэнка моладзь ва ўзросце да 30 гадоў падтрымлівае яшчэ менш (3%), а больш за ўсё — выбаршчыкі ад 45 гадоў і старэйшыя (12%).
Усяго было апытана 1600 рэспандэнтаў ва ўсіх абласцях Украіны, акрамя Аўтаномнай Рэспублікі Крым і акупаваных рэгіёнаў Данецкай і Луганскай абласцей.
Статыстычная хібнасць не перавышае 3,7% для паказчыкаў, блізкіх да 50%, 3,2% — для паказчыкаў, блізкіх да 25%, 2,2% — для паказчыкаў, блізкіх да 10%, 1,7% — для паказчыкаў, блізкіх да 5%.