МЗС: Абмеркаванне прыярытэтаў партнёрства з ЕС практычна зайшло ў тупік

28.03.2019 / 13:45

Абмеркаванне тэкста дакумента аб прыярытэтах партнёрства паміж Беларуссю і ЕС зайшло ў тупік, але перамовы працягваюцца. Пра гэта заявіў сёння журналістам намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка, піша БелТА.

«Я не гатовы сказаць, што ён завіс назаўжды. Усё ж мы настроены на тое, каб спрабаваць знайсці нейкі кампраміс. На дадзены момант, на жаль, па гэтым дакуменце мы знаходзімся практычна ў тупіку. Але гэта не значыць, што перамовы на гэтую тэму прыпыненыя ці ж скончаны», — сказаў Алег Краўчанка.

Паводле яго слоў, у кантактах з еўрапейскім бокам гэта тэма заўсёды абмяркоўваецца. «Гэта не проста канстатацыя таго складанага становішча, якое цяпер ёсць, а абмеркаванне тых дзеянняў, якія мы маглі б распачаць», — растлумачыў дыпламат.

Падпісанне прыярытэтаў партнёрства паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам ўпіраецца ў пазіцыю Літвы, бо дакумент павінны ўхваліць усе краіны ЕС. «Я не думаю, што менавіта наш бок можа нешта распачаць. На мой погляд, мы паводзілі сябе досыць гнутка і канструктыўна ў жаданні ўзгадніць гэты тэкст», — падкрэсліў намеснік міністра