У Італіі дазволілі страляць па рабаўніках
29.03.2019 / 10:51
Італьянскі сенат прыняў закон аб мерах самаабароны, які дазваляе страляць па рабаўніках. Пра гэта паведамляе Reuters.
Парламент зацвердзіў новыя правілы «законнай самаабароны» 28 сакавіка. Цяпер уладальнікаў прыватнай уласнасці нельга будзе абвінаваціць у неапраўданым гвалце, калі яны змогуць даказаць, што стральба адбылася падчас небяспечнай сітуацыі.
«Гэта выдатны дзень для італьянцаў», - сказаў міністр унутраных спраў краіны Матэа Сальвіні. «Нарэшце, мы канчаткова гарантуем святы прынцып неабходнай абароны для людзей», — падкрэсліў ён.
Акрамя таго, прыняты дакумент павялічвае турэмнае зняволенне за крадзеж з узломам і ўзброенае рабаванне. Праціўнікі закона кажуць пра цяжкасці яго прымянення і магчымы рост неапраўданай стральбы. Па статыстыцы, у апошнія гады колькасць гвалтоўных злачынстваў у Італіі зніжалася.
Прыняцце закона аб самаабароне лабіравала партыя «Ліга Поўначы», якую ўзначальвае Сальвіні. Партыя таксама падтрымлівае антымігранцкую палітыку.