Памёр Алег (Адольф) Валодзька

Яму было 72 гады. Ён нарадзіўся ў вёсцы Старчуны Пастаўскага раёна. У 22 гады стаў старшынёй калгаса — у тыя гады такое бывала звышрэдка. У 42 гады атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы.

29.03.2019 / 11:50

Сумнай весткай падзялілася журналістка Святлана Дзядзінкіна: «Не стала Алега Адольфавіча Валодзькі, нашага выдатнага земляка, Героя Сацыялістычнай Працы. З 1968 года ён кіраваў гаспадаркай, якая стала адной з найлепшых у краіне, — калгасам імя Суворава Пастаўскага раёна. Сёння гэта СВК «Навасёлкі-Лучай». Пра тое, як гэта было, ён напісаў у сваёй кнізе «Сын зямлі і неба». Сапраўды, сын неба (у 1989 годзе Алег Валодзька быў ініцыятарам адкрыцця мясцовага аэраклуба…) трывала стаяў на зямлі — у прамым сэнсе любіў хадзіць басанож…

У пачатку нулявых адкрыў першы прыдарожны аграэкакомплекс «Салаўіны гай» недалёка ад павароту на в. Лучай, на трасе Р45 са страусінай фермай. Успамінаю, як шляхі-дарогі прывялі мяне туды за газетным матэрыялам, але так і не ўгаварыла Алега Адольфавіч на інтэрв'ю…

Дзіўны быў чалавек.

На пытанне «Якім, на вашу думку, павінен быць сённяшні кіраўнік на сяле?» адказаў: «Клапаціцца пра тых, за каго адказвае».

Краязнаўца і гісторык Кастусь Шыталь таксама з пашанай узгадвае Алега Валодзьку: «Ён быў адным з найлепшых сельскагаспадарчых кіраўнікоў у рэгіёне. Больш за сорак гадоў ён кіраваў адной гаспадаркай у Пастаўскім раёне. Увесь час мусіў супрацьстаяць бюракратычнай адміністрацыйнай сістэме, прымаючы рашэнні на карысць гаспадаркі. Напрыклад, ён купляў у свой калгас замежную тэхніку, за што цярпеў прыдзіркі з боку мясцовага чынавенства. Людзі ўспамінаюць яго добрым словам».

Цікавы факт: пра нараджэнні яго назвалі Адольфам, як і тату. Але быць Адольфам пасля Другой сусветнай было непрыемна, і ён памяняў імя на Алег.

Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і свой статус актыўна выкарыстоўваў для здабыцця інвестыцый у сваю гаспадарку.

Але што вызначальнае: людзі ўспамінаюць яго толькі добрым словам.