Заступіўся на сваю галаву: мінчук спрабаваў «абараніць» сяброўку ад кантралёраў. Зараз можа сесці на 5 гадоў

29.03.2019 / 13:02

Здарэнне адбылося 27 лютага ў18.45 на прыпынку грамадскага транспарту на Партызанскім праспекце, паведамляе мінская міліцыя.

Кантралёры правяралі ў аўтобусе аплату праезду. Адна жанчына не аплаціла праезд, і ёй прапанавалі выйсці з салона для складання адміністрацыйнага пратаколу за безбілетны праезд.

Тады яна пазваніла свайму сябру. Жанчыне было прапанавана ўсё ж аплаціць праезд. Падчас размовы з кантралёрамі да іх падышоў мужчына і стаў пагражаць.

Ён схапіў за службовую форму адну з супрацоўніц, яна ўпала. У ходзе канфлікту быў пашкоджаны відэарэгістратар. Пасля таго, як выклікалі міліцыю, мужчына ўцёк. Але быў хутка затрыманы.

Ім аказаўся 41-гадовы мінчук, які працуе на адным з прадпрыемстваў сталіцы. Як патлумачыў сам зламыснік, ён хацеў перашкодзіць кантралёрам прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за безбілетны праезд сваю сяброўку.

Заведзена крымінальная справа, мужчыну пагражае да пяці гадоў зняволення.