Былы міністр сельскай гаспадаркі пра адстаўку Русага: «Ён павінен накрыць стол і святкаваць, што жывым сышоў!»
29.03.2019 / 15:53
Аляксандр Лукашэнка 27 сакавіка звольніў некалькіх топ-чыноўнікаў, сярод якіх міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц і віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, які курыраваў гэтую ж сферу.
Чытайце: Рэха Шклова: звольнены віцэ-прэм’ер Русы і міністр Заяц
Як можна ацаніць гэтае рашэнне, ці дапаможа гэта галіне?
«Наша Ніва» пагаварыла з адным з былых міністраў сельскай гаспадаркі. Але гэты чалавек не хоча, каб мы называлі ягонае імя, кажа, што ўжо пранёс дзяржаўную ношу і не хоча зноў публічна згадвацца.
Што ён думае пра лукашэнкаўскі разнос?
«Кожны з іх — і Лёня [Заяц], і Міша [Русы] — стараліся. Кожны з іх уклаў усю сваю душу і пазнанні, якія былі ў іхняй галаве. А колькі іх у каго было? Вось ад гэтага і залежаў вынік.
Ці справядліва, што Русага выгналі вось так? Ды ён будзе ўдзячны такому сканчэнню! Гэта цудоўна, цудоўна для чалавека — свабода! Бо як там робіш, не ведаеш цаны гэтай свабоды, а калі яе атрымаеш… дык сам пачынаеш разумець, як ты недаацэньваў гэта. Ён ужо павінен накрыць стол і святкаваць, што жывым сышоў», — сказаў «Нашай Ніве» экс-чыноўнік.
«Але ў гэтай частцы прэзідэнт абсалютна мае рацыю. Асабліва па памочніку, па Лаўранкову. Ну ёлуп апошні з ёлупаў, тормаз АПК, чаму яго так наблізілі? Рукі звязваў любому і кожнаму. Гэтым росчыркам пяра ўздыхне хоць частка людзей, якія там цяпер. Ад дэспата вызвалілі. У яго адзін прынцып: «так нельга, а як — я не ведаю», — дадаў ён.
Што б было ў Еўропе, каб умоўны канцлер Аўстрыі пабачыў такую карціну на ферме?
«У Еўропе не можа быць такога, там жа прыватнік. Калі 100% акцый належыць выканкаму, то пытанне ўсім нам: а хто гаспадар? Які ж дурань сёння будзе цягнуць лямку, глядзець за тэхналогіяй, калі ён там — ніхто? Найміт. Ні пугай, ні жалезам калёным ты яго не прымусіш працаваць як мае. А каб быў уласнік, то ён ведае, што будзе класці ў кішэню капейку, адкрываць дарогу жыцця дзецям сваім. З прыватнага і дзяржаўнага разам і складваецца сіла дзяржавы, а не толькі з дзяржаўнага», — дадаў экс-міністр.
Міністры сельскай гаспадаркі Беларусі
- Фёдар Мірачыцкі (1991—1994)
- Васіль Лявонаў (1994—1997)
- Іван Шакола (1997—1998)
- Юрый Мароз (1998—2000)
- Вадзім Папоў (ліпень — лістапад 2000)
- Міхаіл Русы (2001—2003)
- Зянон Ломаць (ліпень — снежань 2003)
- Васіль Дваранінавіч (2003—2004)
- Леанід Русак (2004—2008)
- Сямён Шапіра (2008—2010)
- Міхаіл Русы (2010—2012)
- Леанід Заяц (2012—2019)