У Курапатах зносяць крыжы, па перыметры ставяць казённую агароджу
04.04.2019 / 09:34
У Курапатах знеслі крыжы перыметра.
«Нагналі тэхнікі, зносяць крыжы», — паведаміў «Нашай Ніве» відавочца ўранку.
Карэспандэнтка «Нашай Нівы» стала сведкай, як ДАІ заблакавала пад’езды да Курапатаў, не дазваляла спыняцца каля рэстарана «Паедзем паядзім». Міліцыя ачапіла Курапаты па перыметры і не прапускала людзей. Трактары выцягвалі крыжы і грузілі ў машыну з нумарным знакам, абкручаным анучай. Пазней прыбылі рабочыя і прывезлі слупы, каб ставіць вакол урочышча агароджу.
Пазней афіцыйнае агенцтва БелТА паведаміла, што «ў Курапатах праходзяць планавыя работы па добраўпарадкаванні, прыбіраюцца незаконна ўстаноўленыя збудаванні ў выглядзе крыжоў».
У Курапацкім лесе у брацкіх магілах ляжаць парэшткі дзясяткаў тысяч людзей, расстраляных саветамі ў 1937—1941 гадах. З канца 1980-х людзі ставілі на брацкіх магілах і па перыметры ўрочышча крыжы. У 2018-м дзяржаўныя ўлады таксама паставілі сціплы помнік у цэнтры мемарыяла. На сваёй вялікай прэс-канферэнцыі 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка выказаў незадавальненне, што крыжы відаць з МКАД.