Форвард БАТЭ Радзівонаў перайшоў у нямецкі «Фрайбург»

12.01.2009 / 13:33

25‑гадовы форвард барысаўскага футбольнага клуба БАТЭ Віталь Радзівонаў перайшоў у клуб другой нямецкай бундэслігі «Фрайбург».

Паўгадавы арэндны кантракт з правам выкупу падпісаны 10 студзеня, паведаміла прэс‑служба БАТЭ. У той жа дзень гулец накіраваўся ў Іспанію, дзе да 16 студзеня яго новы клуб праводзіць збор.

«Мы змаглі ўзяць у арэнду маладога нападаючага, які ўжо забіў немалую колькасць мячоў. Мы вельмі рады, што кантракт адбыўся і гулец тут жа апынуўся ў нашым распараджэнні», — цытуе спартыўнага дырэктара «Фрайбурга» Дзірка Дуфнера афіцыйны сайт нямецкага клуба.

У мінулым сезоне В.Радзівонаў быў прызнаны найлепшым гульцом і найлепшым нападаючым беларускага чэмпіянату, а ў спрэчцы бамбардзіраў ён падзяліў першае месца са сваім аднаклубнікам Генадзем Блізнюком (у абодвух па 16 мячоў).

Пасля першага круга «Фрайбург» з 30 ачкамі займае трэцяе месца ў табліцы.
Першую ў новым годзе гульню каманда правядзе 1 лютага ў гасцях супраць клуба «Мюнхен‑1860», які на 11‑м месцы.

БелаПАН