Вы здзівіцеся, але наклад «Советской Белоруссіі» не 400 тысяч асобнікаў, як пазначана, а ўдвая меншы
20.04.2019 / 10:32
«Наша Ніва» адсочвае сітуацыю з друкаванымі СМІ ў Беларусі. Яна такая, як і ва ўсім свеце: наклады папяровых выданняў зніжаюцца, аўдыторыя пераходзіць у сеціва — «Наша Ніва» і сама адмовілася ад папяровай газеты праз страту рэнтабельнасці.
Толькі газета «Советская Белоруссія» («СБ. Беларусь сёння»), здавалася б, паспяхова змагаецца з выклікамі часу і ўзорна трымае свой наклад на ўзроўні фантастычных 400 тысяч асобнікаў. Беларускі феномен? Насамрэч, не.
Галоўны рэдактар «СБ» Дзмітрый Жук. Фота Уладзіміра Смірнова, ТАСС
Ад нейкага часу ў выходных звестках газеты «Советская Белоруссія» ўказваецца фармулёўка «агульны наклад 402 тысячы» і ўдакладненне, што звесткі датычацца «СБ. Беларусь сегодня» і «Союз. Беларусь — Россія».
Фота выходных дадзеных «СБ» за 12.04.2019 №69
«Союз. Беларусь — Россія» — гэта выданне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы.
Паводле дамовы, «Саюз» раз на тыдзень укладваецца ў афіцыёзную ўрадавую «Расійскую газету» і яе беларускі аналаг.
Дык вось, у Расіі друкуецца 130 тысяч асобнікаў «Саюза». І гэтая лічба строга адпавядае накладу «Расійскай газеты». Усё лагічна — у кожную газету ўкладаецца па адным дадатку.
Разам з тым заяўлены наклад «Саюза» для Беларусі — 187 тысяч. Як ён можа быць настолькі меншым за наклад «СБ»?
Гэта пытанне мы адрасавалі кіраўніцтву «Советской Белоруссіі».
«На 1 студзеня наклад быў 215 тысяч асобнікаў, гэта быў пятнічны выпуск, — адказвае намеснік рэдактара «СБ» Міхаіл Лябедзік. — У астатнія дні ён адрозніваецца: 180 тысяч у аўторак, 190 тысяч у суботу.
Ці ў кожны нумар укладаем «Саюз»? Так, у кожны. У чацвер наклад «СБ» адпавядае накладу «Саюза».
Міхаіл Лябедзік
Як тады ў выходных дадзеных можа быць пазначана 402 тысячы асобнікаў? Аказваецца, лічбу выходных дадзеных «СБ» складае максімальны наклад за пятніцу і даплюсаваны да яго наклад «Саюза» за чацвер.
Лябедзік мяркуе, што гэтая сума адпавядае азначэнню «агульны наклад».
Адметна, што рэкламу ў выданне «СБ» прадае, абяцаючы размясціць яе ў 400 тысяч асобнікаў газеты.