Трансвестит ностальгирует по Москве, или «Летучая мышь» в новой версии Белорусской оперы

23.04.2019 / 10:37

Пастановачная група з сяброўскай Венгрыі паказала нам, як трэба ставіць «Лятучую мыш» Іагана Штрауса. Каб мы запомнілі, якім чынам на самай справе трэба ўвасабляць класічную аперэту, тым больш на сцэне Вялікага тэатра. І мы сапраўды запомнім! Піша Вольга Брылон. 

Рэжысёр Міклаш Габар Кераньі, па мянушцы Керо, узначальвае ў якасці галоўнага рэжысёра тэатр аперэты ў Будапешце. Колькі «Лятучых мышэй» ён паставіў за сваё жыццё ў розных краінах свету, невядома. Сам рэжысёр на гэта пытанне падчас прэс-канферэнцыі адказаў няпэўна. З ягоных слоў вынікала, што шмат. Паглядзеўшы ягоную «Лятучую мыш» на сцэне Вялікага тэатра Беларусі, міжволі хочацца задацца дадатковым пытаннем: ён паўсюль так угробіў гэты твор ці «пашчасціла» толькі Мінску?

І хай рэжысёр не ведаў, ці не захацеў прыняць, ці проста праігнараваў той факт, што на прасторах былога СССР аперэта «Лятучая мыш» вядомая ў зусім іншай версіі, з зусім іншым лібрэта, у зусім іншай трактоўцы. Хай, і гэта зразумела. Хай Кераньі вырашыў узяць за аснову прыкладна тую сюжэтную канву, у межах якой «Лятучая мыш» стваралася самім Штраусам. Гэта таксама можна патлумачыць: іншаземны профі памкнуўся адкрыць тутэйшым прасцякам каштоўнасці штраусаўскага арыгінала, які тут ніколі не бачылі і не чулі. Адкрыў — і паехаў. А мы, дурні, засталіся сам-насам з яго «шэдэўрам» і цяпер задаёмся ўсё новымі і новымі пытаннямі.

Няўжо ж у Штрауса ўсё было так пошла і смярдзела распустай, ці гэта спарадзіла толькі галава рэжысёра Кераньі, па мянушцы Керо? Чаму ад «жартаў», якія артысты вымаўляюць са сцэны, смешна толькі рэжысёру, а публіка чамусьці ніяк на іх не рэагуе? Не дарасла, ці што? Уласна, і іншых пытанняў шмат. Але на іх няма адказу.

Фота bolshoibelarus.by.

Фота bolshoibelarus.by.

…Уверцюра да «Лятучай мышы». Гэтага шэдэўра сусветнай класікі слухачы так і не дачакаліся. Яго рашуча адрэзалі і выкінулі, як непатрэбную рэч, разам з нейкімі паспешнымі пераробкамі, якія, відаць, заўважны былі самім пастаноўшчыкам задоўга да прэм’еры. Падобныя прэцэдэнты пры пастаноўцы оперных спектакляў немагчыма ўявіць у прынцыпе. Гэтага не бывае, таму што не бывае ніколі. А тут — на табе, калі ласка! Але што там адсутнасць нейкай уверцюры ў параўнанні з уражаннямі ад самога спектакля, які разгортваецца перад здзіўленым і азадачаным гледачом?

«Помста лятучай мышы» — так рэжысёр сфармуляваў канцэпцыю спектакля. Скажам адразу, што «лятучая мыш» — гэта зусім не Разалінда, якая ў спектаклі Кераньі з’яўляецца на балі ў князя Арлоўскага ў аксамітнай чырвонай сукенцы (да яе, заўважым, не перашкодзіла б надзяваць сцягвальны гарсэт, пра што павінна была паклапаціцца мастачка Агнеш Ева Дзермаці. Касцюмы артыстак-прымадоннаў ў ролі Разалінды павінны падкрэсліваць іх прыгажосць, а не недахопы фігуры). Паводле Керо, «Лятучая мыш» — гэта нехта доктар Фальк, якога яго сябар, банкір Генрых Айзенштайн, ажно тры гады таму назад пакінуў пасля балю на лаўцы ў прыгарадным парку п’яным у касцюме лятучай мышы на ўсеагульнае асмяянне. І цяпер, на балі ў рускага князя Арлоўскага, Фальк вырашае адпомсціць Айзенштайну, каб выставіць дурнем яго самога. Дзіўна, для чаго Фальку патрабавалася чакаць тры гады, калі балі ў тагачаснай Вене ладзіліся ледзь не кожны тыдзень? Ці яму патрабаваўся баль менавіта ў шалёнага рускага князя, каб паказаць увесь маштаб сваёй «бязлітаснай» помсты? Але, назіраючы за падзеямі спектакля, чамусьці ўзгадваецца вядомае: «Я мстю, и мстя моя ужасна!» — у сэнсе вартая жалю.

У спектаклі «Лятучая мыш» няма станоўчых герояў. Яны ўсе да аднаго — нягоднікі і паскуднікі. Нікому не спачуваеш, ні да каго не ляжыць душа. Тое, што ў звыклых пастаноўках «Лятучай мышы» выглядае лёгкім фліртам герояў, тут ператвараецца ў татальны садом і гамору.

У трэш, ад якога чамусьці зусім не смешна. Цяпер мне зразумела, чаму на прэс-канферэнцыі на пытанне кагосьці з журналістаў: «А хто ў вас князь Арлоўскі? Мужчына ці жанчына?» — рэжысёр зноў-такі выказаўся абцякальна, сказаўшы, што Арлоўскі будзе «сімпатычны». У трактоўцы Кераньі Арлоўскі — трансвестыт, які спачатку з’яўляецца брытагаловым, у мужчынскім адзенні і размаўляе ў нізкіх рэгістрах, імітуючы мужчынскі голас, а потым начапляе парык, ператвараецца ў жанчыну і спакушае доктара Фалька. Як вам палёт думкі?!

А яшчэ Арлоўскі, знаходзячыся на чужыне пасярод бесклапотных аўстрыйцаў, раптам пачынае настальгіраваць па Расіі. Калі танцавальная масоўка з аголеных амантаў і грызетак у панчохах з бантамі на ляжках, а таксама кошачак, коцікаў, чорцікаў і нейкіх бясполых «аніматараў» з мядзведжымі галовамі, здаецца, абтанцавала, як на «Славянскім базары», усе куплеты і чардашы, што выконваліся на балі, Арлоўскі раптам уцямлівае, як сумна яму ў далечыні ад радзімы, і выкрыквае з нутра душы сваёй «Масква! Масква!» — пасля чаго неадкладна надыходзіць «гвозд праграмы» — танец «мядзведзя», а таксама рускіх «девушек».

Руская лінія ненавязліва падкрэслена і праз іншыя «аксесуары»: напрыклад, усе слугі Арлоўскага апранутыя ў футравыя капелюшы ў стылі модных паказаў, а таксама ў адзежы, якія нагадваюць прыхарошаных спрактыкаванай рукой дызайнера гламурных «мужыкоў».

Фота bolshoibelarus.by.

Фота bolshoibelarus.by.

Калі Арлоўскі — відавочны трансвестыт, дык кім жа паўстаюць перад гледачамі астатнія героі? Разалінда — распусніца «з апломбам», які, пэўна, выдае ў ёй «арыстакратку». Адэль — плебейка з дрэннымі манерамі, распусніца меншага калібру. Закаханы ў Разалінду Альфрэд — паяц, што агаляецца да клоўнскіх чырвоных «сямейных» трусоў у палосачку і ў такім выглядзе лезе мыцца ў ванну (Разалінда пры гэтым сядае на краёчак ванны і какетліва высоўвае ножку з-пад халата, як быццам дэманструючы, што яна — зусім не супраць флірту з Альфрэдам, а гатова і залезці ў гэтую ванну разам з ім).

Дырэктар турмы Франк — юрлівы дурань, які вяртаецца з балю распрануты да пояса і ў станіку на торсе. Якія надакучлівыя намёкі!… А што ж Генрых Айзенштайн? О, тут асабліва цяжкі выпадак. Азначаны Генрых — ілжывы і баязлівы бабнік, які ўвіваецца за кожнай спадніцай, а сваю жонку прылюдна аблівае слоўнымі памыямі. Сапраўдныя арыстакраты ў былыя часы за абразу жанчыны выклікалі такіх паскуднікаў на дуэль, але гасцям князя Арлоўскага пляваць на падобныя тонкасці і рэфлексіі. Яны воляю рэжысёра забаўляюцца і весяляцца да ўпаду, так што ў гледача ўзнікае ўражанне, быццам ён бачыць не свецкі баль, а разбэшчаную оргію ў стылі сада-маза, ды яшчэ з «блакітным» ухілам.

Міжволі ўзгадваецца нядаўні скандал з лістом «праваслаўных актывістаў», якія завочна абвясцілі анафему оперы «Саламея». На справе ж гэты спектакль аказаўся высокамастацкім шэдэўрам, у якім няма і намёку на тое, у чым раўніўцы высокай маралі спрабавалі абвінаваціць Рыхарда Штрауса, Аскара Уайльда, а заадно і рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ, які пасмеў замахнуцца на гэты твор. Цікава, што́ гэтыя рупліўцы на ніве маралі напісалі б, пабачыўшы «Лятучую мыш»?..

Фота bolshoibelarus.by.

У гэтай сістэме каардынат не мае ніякага сэнсу пісаць пра акцёрскія працы. Артысты, прозвішчы якіх я наўмысна не называю, — закладнікі ўсёй гэтай бязглуздай вакханаліі.

Мне асабіста іх вельмі шкада. Шкада іх таленту, іх шматгадзіннай працы ў рэпетыцыйных класах і на сцэне, а таксама іх шчырых, але безнадзейных спроб адшукаць ва ўсім гэтым хоць нейкае рацыянальнае зерне. Усе яны добра спяваюць, гэтаксама як і хор пад кіраўніцтвам Ніны Ламановіч. Аркестр жа дакладна бачыў партытуры і больў складаныя (я трапіла на спектакль, калі за дырыжорскім пультам стаяў беларус Іван Касцяхін, а не «залётны» дырыжор-пастаноўшчык Джанлука Марчана з Італіі, які таксама даўно паехаў з Мінска і, паводле чутак, не вельмі «парыўся» ў працы над спектаклем). Узровень трупы нашага опернага тэатра вельмі высокі, і гэта добра вядома ўсім. Незразумела толькі, як тэатр умудрыўся трапіць у такую дрыгву, у якую яго завялі чарговыя варагі? Нават цяжка ўявіць, колькі грошай было выдаткавана на гэты спектакль — на яго грувасткія дэкарацыі, на дзве сотні касцюмаў, на ганарары пастаноўшчыкам, нарэшце. Дзеля чаго ўсё гэта?

Па сутнасці, «Лятучая мыш» атрымалася танным вырабам, які ганьбіць рэпутацыю беларускага Опернага тэатра.

Амаль 60 гадоў тут не ставілі аперэты. Чым так, дык і не трэба было!

Дзякуй Богу, у Музычным тэатры вось ужо амаль 40 гадоў ідзе просты, без прэтэнзій, але зроблены з любоўю да музыкі, артыстаў і гледачоў спектакль «Лятучая мыш». Добры, вытанчаны, без пошласцяў і намёкаў на сэксуальныя ненармальнасці. Артысты ў ім адчуваюць сябе на сцэне сапраўднымі каралямі, а не марыянеткамі. Ён сябе даўно акупіў і апраўдаў. І ў мінчукоў ёсць выбар, якую «Лятучую мыш» абраць для прагляду.

Вольга Брылон