Колькасць загінулых пры тэрактах на Шры-Ланцы перавысіла 300 чалавек

23.04.2019 / 08:50

News First

Прынамсі 310 чалавек загінулі ў выніку серыі выбухаў, якія адбыліся на Шры-Ланцы 21 красавіка, паведамляе тэлеканал News First са спасылкай на мясцовае міністэрства аховы здароўя.

Яшчэ 480 чалавек атрымалі раненні і застаюцца на лячэнні ў бальніцах. Раней паведамлялася пра 290 ахвяраў тэрактаў.

Па падазрэнні ў дачыненні да арганізацыі выбухаў затрыманыя больш за 30 чалавек.

21 красавіка на Шры-Ланцы адбыліся восем выбухаў у гатэлях і каталіцкіх цэрквах, дзе ў той момант праходзілі службы з нагоды Вялікадня. Улады краіны ўсклалі адказнасць за тэракты, у якіх удзельнічалі смяротнікі, на мясцовую ісламісцкую групоўку «Таўхід джамаат».