Звольнены кіраўнік Гуантанама

29.04.2019 / 09:47

Контр-адмірал ваенна-марскіх сіл ЗША Джон Рынг, які ўзначальваў ваенную базу Гуантанама, вызвалены ад займанай пасады.

Фота з Вікіпедыі

Як паведамляе CNN са спасылкай на Пентагон, прычынай звальнення называецца «страта ўпэўненасці ў яго здольнасці камандаваць». Рынг быў адхілены па выніках расследавання, якое пачалося ў сакавіку. Яго падрабязнасці не выдаюцца.

Часова выконваючым абавязкі кіраўніка базы прызначаны намеснік Рынга, брыгадны генерал Джон Хасі.

На ваенна-марской базе Гуантанама, якую ЗША арандуюць у Кубы, з 2002 года знаходзіцца аднайменная турма для падазраваных у тэрарызме. У цяперашні час у ёй знаходзяцца 40 зняволеных.