Лукашэнка — прадстаўніку Рады Еўропы: Шмат добрага з таго, што створана ў вас, падлягае запазычанню ў Беларусі

29.04.2019 / 11:03

Беларусь разлічвае на развіццё кантактаў з Радай Еўропы ў сферы мясцовага самакіравання. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы са старшынёй Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Рады Еўропы Андэрсам Кнапэ, піша БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь мае сваё бачанне развіцця мясцовага самакіравання. «Мы, натуральна, будзем рухацца ў кірунку большай самастойнасці органаў мясцовага самакіравання, — сказаў ён. — Шмат добрага з таго, што створана ў вас, падлягае запазычанню ў Беларусі. Думаю, добрай дапамогай у рэалізацыі сказанага былі б больш цесныя кантакты органаў мясцовага самакіравання з адпаведнымі структурамі ЕС».

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў з'яўляецца кансультатыўным органам Рады Еўропы. Мэтай кангрэса з'яўляецца актыўнае ўцягванне мясцовых і рэгіянальных уладаў у дзейнасць РЕ і прасоўванне яго асноватворных каштоўнасцяў.

Арганізацыя налічвае 324 ўдзельнікі, якія прадстаўляюць 47 дзяржаў. Яна складаецца з Палаты мясцовых уладаў і Палаты рэгіёнаў. Статусам запрошанага назіральніка ў кангрэсе валодаюць дзве арганізацыі з Беларусі - Фонд імя Льва Сапегі» і Рады па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі.