У цэнтры Мінска з'явілася інсталяцыя з аднаразовых кубачкаў. Што яна значыць? ФОТА
Дзве энтузіясткі з Мінска Крысціна Дубнавіцкая і Кацярына Труханава сабралі больш за 1000 выкарыстаных папяровых кубачкаў па ўсім горадзе для сваёй інсталяцыі ў рамках Тыдня дызайну — 2019.
03.05.2019 / 15:46
І ўсё не проста так.
Сваёй інсталяцыяй на Зыбіцкай дзяўчаты хацелі падняць важнае пытанне немагчымасці перапрацоўваць аднаразовыя кубачкі. Большасць папяровых кубачкаў выраблена з першаснай цэлюлозы, г.зн. з дрэва.
Дрэва расце 50 гадоў. Кубачак жыве 15 хвілін. І затым едзе на палігон, дзе можа гніць сотні гадоў.
Крысціна і Кацярына падтрымліваюць ініцыятыву ўсвядомленага спажывання, прапануюць не множыць смецце, сартаваць адходы, выкарыстоўваць прадукцыю, якая перапрацоўваецца, ці не браць напоі на вынас без патрэбы, а піць ўнутры устаноў.
У рамках апытання, якое яны праводзілі на вуліцах горада (частку якога можна паглядзець на іх youtube-канале kristina planet) аказалася, што большасць людзей упэўненыя, што кубкі цалкам папяровыя і пасля выпітай імі кавы адпраўляюцца на перапрацоўку.
Падчас падрыхтоўчага працэсу, этапу збору кубачкаў і стварэння інсталяцыі дзяўчаты пагутарылі прыкладна з сотняй чалавек на тэму экалогіі і свядомага спажывання. І прыйшлі да высновы, што многія людзі проста не ведаюць пра тое, што перапрацоўваецца, а што не, і не супраць сартаваць смецце, проста не заўсёды ў іх у дварах ёсць кантэйнеры для смецця.
Інсталяцыю падтрымала кампанія «Суперпак Кампані» — вытворца папяровай упакоўкі, якая з'яўляецца экалагічна чыстай як для наваколля, так і для чалавека.