Маці, якая выкінула сваё дзіця ў кусты ў Бабруйску, далі 17 гадоў
03.05.2019 / 21:08
У Бабруйску вынеслі прысуд маці, дзіця якой знайшлі ў кустах 17 кастрычніка 2018 года. Жанчыну прызналі вінаватай у замаху на забойства заведама малалетняй асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, піша «Коммерческий курьер».
Фота: Вечерний Бобруйск.
Яе прысудзілі да 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама жанчыне прызначана прымусовае лячэнне ад алкагалізму.
Нованароджанага хлопчыка знайшлі ў кустах увечары 17 кастрычніка лекары хуткай дапамогі. Медыкі пачулі дзіцячы крык і ўбачылі ў кустах дзіця. Яно ляжала на зямлі за 10 метраў ад прыватнага дома. Напярэдадні на пульт дыспетчара хуткай дапамогі паступіла паведамленне пра роды ў жанчыны ў адным з прыватных дамоў.
Хлопчык, якога лекары знайшлі ў кустах, — чацвёртае дзіця, якога нарадзіла бабруйчанка Святлана. Двое старэйшых хлопчыкаў знаходзяцца ў апякунскіх сем'ях па рашэнні суда, восенню 2016 жанчына пакінула ў Клічаўскай раённай бальніцы дачку.