Бог зь імі…
Сяргей Астравец піша на сваім блогу пра гарадзенскага Бога.
17.01.2009 / 14:41
Сяргей Астравец піша на сваім блогу пра гарадзенскага Бога.
Пра Бога ў абавязковым разе ўспамінаеш кожную пятніцу: можна рыбу, нельга мяса, Богу не спадабаецца, калі мяса. Але праблемаў з гэтым даўно няма… Маладая радыёжурналістка, «дыск‑жакейка» з захапленьнем паведамляе днём раней: «Чацьвер у нас — рыбны дзень!!» У каго ў нас? У праваслаўных, у беларусаў? Яна не задумваецца над такімі дробязямі.
«Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Перакананы: Караткевіча падштурхнуў, натхніў, справакаваў гарадзенскі Бог. Дый гэта відавочна. Сёньня яшчэ раз задумваешся: як гэта яны нашага гарадзенскага Хрыста пакінулі на месцы? А гэта бадай цуд, сябры мае. Цуд, што яны не забілі ў беларусах цалкам беларускае, не дабілі. Цуд, што не закапалі беларускую мову канчаткова, што не затапталі Пагоню і бел‑чырвона‑белы сьцяг сваімі «скороходами».
Катэдральны сабор цяпер, фарны ў абыходку па‑ранейшаму, ён жа павінен быў узьляцець у паветра сьледам за Фарай Вітаўта. Цудам ацалеў. Цудам музэй атэізму ў ім не разьмясьцілі. Так‑так, але хаця б самую кідкую гарадзенскую скульптуру — Хрыста з крыжам прыбраць з цэнтральнага пляцу — справа была нагэтулькі лягічная, што немагчыма зразумець, чаму яна засталася на месцы, а не апынулася ў якім падворку з ламаччам, не загінула. І каб ня ўбачыў яе Караткевіч, ці ўзьнікла б у яго гэткая нечаканая, сьмелая, сьвежая, нетрадыцыйная і разам досыць блюзьнерская як на беларускую савецкую літаратуру назва?
Самы чароўны час ад Калядаў да Трох Каралёў, калі гарадзенскага Бога пасыпае сьняжком. Менавіта шостага сканчаецца ён, бо наступнага дня з царкоўнай амбоны традыцыйна чытаецца даклад: «Бог нас не пакіне…» Іх, бо ён у іх у падначаленьні, як нам аднойчы паведамілі… Чытаю: на каталіцкія Каляды на начным набажэнстве ў храмах было амаль дзьве траціны людзей ад тых, хто прыйшоў на праваслаўныя. Вось і зразумей: калі ў нас, калі верыць ім, усе амаль праваслаўныя і калі цэркваў болей за касьцёлаў напэўна на парадак.
Чароўная гісторыя пра Трох Каралёў, колькі б разоў ня чуў, яна застанецца чароўнай. Хаця ўсё пабудавана ў храме на паўторах, як і ў «Легендзе пра Трох Каралёў» на старабеларускай мове. Так, набажэнства — гэта спрэс паўторы, завучаныя сэнтэнцыі, прыпавесьці, прыказкі, афарызмы. Частка біблейскіх сказаў сталі фразеалягізмамі, крылатымі выразамі, зацёртымі ў цывільным жыцьці, нават у атэістычным, антырэлігійным грамадзтве, настроеным рашуча ваяўніча супраць Бога, рэлігіі, цэркваў і касьцёлаў.
Вечаровы горад: у Гараднічанцы адбіваецца агеньчыкамі сьвяточная яліна, ліхтары парка Жылібэра, церусіцца сьняжок. Успамінаецца нечакана даўно ня бачаны Крым, дзе здымалі некалі «Хрыста, які прызямліўся ў Гародні». Дадумацца! Але ж якая ўдача для ўдзельнікаў і для аўтара! Цэнзура выкасоўвала альбо, калі не адразу, выразала потым касьцёлы, крыжы, Бога. А цяпер яму даклады чытаюць. Запаважалі!