У Мінску ўводзяць аплату праезду банкаўскай карткай у наземным транспарце
Але пакуль на адным маршруце.
21.05.2019 / 13:08
Фота Волі Афіцэравай
БПС-Сбербанк з 23 мая запускае ў тэставым рэжыме аплату за праезд у наземным транспарце Мінска з дапамогай банкаўскіх бескантактавых карт.
Пакуль гэта будзе працаваць на трамвайным маршруце №6, што курсіруе паміж Серабранкай і Зялёным лугам і з'яўляецца адным з самых працяглых і загружаных маршрутаў горада, паведамілі ў банку.
Плаціць за праезд можна будзе бескантакнай карткай любога банка. Сэрвіс падтрымлівае аплату картамі Visa, Mastercard і Белкарт. Акрамя таго, можна будзе разлічыцца ў транспарце з дапамогай смартфона, брэлокаў, гадзіннікаў і іншых мабільных прылад з падтрымкай тэхналогіі NFC.
Спачатку сэрвіс будзе даступны ў 30 трамваях сталічнага маршруту №6. Пры паспяховай рэалізацыі праекта БПС-Сбербанк плануе распаўсюдзіць сэрвіс на ўвесь грамадскі транспарт Мінска.
Працэс аплаты просты: трэба дастаць карту для аплаты і паднесці яе да валідатара, дачакацца гукавога сігналу і тэкставага паведамлення. Кошт разавага праезду роўны кошту папяровага талона - 60 капеек.
Вывучыць гісторыю паездак і расходаў можна ў асабістым кабінеце пасажыра на сайце сістэмы. Там жа можна будзе ўдакладніць статус банкаўскай карты і атрымаць электронны карт-чэк. Тут таксама ж будуць адлюстроўвацца паездкі, аплачаныя на турнікетах сталічнага метрапалітэна.
Кантроль аплаты будзе такім жа, як і ў выпадку з электроннымі праязнымі.
Пры праверцы трэба будзе данесці да тэрмінала банкаўскую картку, пасля чаго на ім адлюструецца інфармацыя аб факце разліку за праезд у канкрэтным транспартным сродку.