Як выглядае закрыты катэджны пасёлак за Нацыянальнай бібліятэкай, у якім жывуць Васіль Жарко і Павел Белы ФОТЫ
22.05.2019 / 15:07
Сталічныя катэджныя пасёлкі — якімі б элітнымі яны не былі — застаюцца адкрытымі для любога ахвотнага. Кожны можа прайсціся па Драздах і паглядзець на ўласныя вочы, як жывуць Міхаіл Мясніковіч ці Ігар Шуневіч.
Аднак ёсць літаральна некалькі выключэнняў. Адзін з такіх прыкладаў — вуліца Яўгена Глебава ў квартале за Нацыянальнай бібліятэкай. Гэта той самы катэджны пасёлак, у якім атабарыўся колішні міністр аховы здароўя і віцэ-прэм'ер Васіль Жарко.
Вуліца Глебава часткова схаваная за дрэвамі.
Звычайны мінчук наўрад ці трапіць у гэты свет багацеяў — увесь перыметр агароджаны, а адзіны ўваход закрыты шлагбаумам.
Катэджны пасёлак будуе кампанія «Тапас», вядомая перадусім асобай бізнэсмена Паўла Белага. Ён адзін з найлепшых хакеістаў каманды Аляксандра Лукашэнкі, гуляе з ім у адной тройцы.
Беламу належыць 88% статутнага фонда «Тапаса». Яшчэ 10% у яго бізнэс-партнёра Аляксандра Савіцкага. Рэшта раскіданая паміж некалькімі юрыдычнымі асобамі.
Катэджы ў пасёлку каштавалі да $1,2 мільёна ў залежнасці ад плошчы.
Што ўяўляе сабой закрытая вуліца Глебава? Глядзіце фотарэпартаж «Нашай Нівы».
Прамой забароны на ўваход і праезд няма, але ахова пільнуе няпрошаных гасцей. Кантрольна-прапускны пункт знаходзіцца праваруч.
Рушым уздоўж вуліцы Глебава. Тут ушчыльную стаяць тры падобныя дамы.
Вось як выглядаюць з адваротнага боку гэтыя самыя тры дамы.
Далей вуліца Глебава заварочвае направа. Большасць дамоў тут ужо прададзеныя. Хто тут жыве? Два заснавальнікі буйнога прадпрыемства з Барысава, бізнэсмен з Лівана… Ёсць грамадзяне і Расіі, і Украіны.
Але для беларускага грамадства найбольшы інтарэс выклікае, канечне, катэдж Васіля Жарко. Летась экс-чыноўнік праскочыў міма кропляў дажджу — былі затрыманыя дзясяткі высокапастаўленых медыкаў, аднак ён, колішні міністр аховы здароўя, застаўся на свабодзе.
Дом Васіля Жарко
Чытайце:
Па слядах Пастаялкі: як Васіль Жарко зрабіў кар’еру міністра аховы здароўя
Віцэ-прэм’ер Васіль Жарко дабудаваў катэдж на 500 м2 у закрытым элітным пасёлку
Дачка Васіля Жарко — дырэктарка модных салонаў прыгажосці ФОТЫ
Катэдж Васіля Жарко моцна адрозніваецца ад іншых дамоў, пабудаваных у адзіным архітэктурным стылі. Справа ад яго — адзін з дамоў Паўла Белага (іх тут некалькі).
Збоку ад дома Жарко — невялікае разваротнае кола. Гэта тупік.