Серыял «Чарнобыль»: амерыканцы стварылі вобраз беларускі, якая павінна прадухіліць знішчэнне кантынента
22.05.2019 / 23:34
Коратка для тых, хто не разумее, пра што гаворка
Амерыканскі сцэнарыст Крэйг Мазін і шведскі рэжысёр Юхан Рэнк знялі вельмі праўдападобны, месцамі аж да жахлівасці, міні-серыял пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС. У пяці серыях (першая выйшла 6 мая на канале HBO, цяпер даступныя тры) распавядаецца, што адбывалася 26 красавіка 1986 года і ў наступныя дні. Выбух, тушэнне, шок, разгубленасць, разнарадкі зверху, бальніцы, смерці — усё.
Кадр з серыяла. Эвакуацыя Прыпяці.
Для замежных рэжысёраў Чарнобыль — рэальная знаходка. Гісторыя шакуе сваёй маштабнасцю, абсурднасцю і драматычнасцю. Для беларусаў — у першую чаргу.
Мая маці з Гомельшчыны, з вёскі Ручное, што непадалёк ад Лельчыц. 1 мая 1986-га яны ўсёй сям’ёй цэлы дзень капаліся ў агародзе пад пякучым сонцам — яшчэ нічога не ведалі. Пяць дзён пасля аварыі — а яны нават не чулі. Пасля нашу вёску ўключылі ў «чарнобыльскую зону», потым — выключылі.
У серыяле пра гэта шмат. Людзі выскокваюць з дзецьмі ў двор паглядзець на незвычайнае свячэнне на АЭС. Танчаць, смяюцца, захоплена глядзяць у неба — які салют! Раніцай школьнікі бягуць на заняткі, людзі спяшаюцца на працу. Жыццё працягваецца, яшчэ ніхто не ведае, што такое радыяцыя. Ніхто яе яшчэ не бачыў.
2 серыя. Дыялог між Барысам Шчарбінам, намеснікам старшыні Саўміну СССР, і Валерыем Лягасавым, намеснікам дырэктара Інстытута атамнай энергіі імя Курчатава (Масква). Яны — адны з асноўных герояў серыялу, якія працуюць на месцы, у самым пекле — ля АЭС.
Злева — Валерый Легасаў (Джарэд Харэс), справа — Барыс Шчарбіна (Стэлан Скарсгард).
— Што будзе з тымі хлопцамі? З дайверамі, з пажарнымі, з работнікамі рэактарнага цэха. Што менавіта зробіць з імі радыяцыя?
— Улічваючы высокі ўзровень апраменьвання… Іанізуючая радыяцыя разбурае клеткавую структуру. На скуры з’яўляюцца пухіры, яна чырванее, затым чарнее. Потым наступае латэнтны перыяд. Першыя сімптомы праходзяць, і здаецца, што пацыент ідзе на папраўку, але выздараўленнем і не пахне. Гэты перыяд звычайна доўжыцца адзін-два дні.
— А далей?
— Далей пашкоджанне клетак дае пра сябе ведаць. Гіне косны мозг, здае імунная сістэма, а органы і мяккія тканкі пачынаюць разлагацца. Вены і артэрыі становяцца падобнымі да рэшата. І тады нават морфій перастае дапамагаць ад нечалавечага, невыноснага болю. Затым, праз пару дзён ці тыдняў, чалавек памірае. Гэта здарыцца і з тымі хлопцамі.
— А з намі як?
— Што ж, мы таксама трапілі пад апраменьванне, але не так моцна. Клеткі такая радыяцыя не заб’е, але ўрон ДНК можа нанесці лёгка. Таму разаўецца рак альбо апластычная анемія. І тое, і другое — смяротна.
У другой серыі пра гэта расказваецца, у трэцяй — паказана, як памірае чалавек ад радыяцыі. Гэта нечалавечая смерць.
Тры лініі
Першая лінія расказвае пра выбух. Як ён адбыўся, чаму, і як яго ліквідавалі ў першыя дні, тыдні, месяцы. Серыял адкрывае, што адбывалася ўнутры і ля АЭС. Героі-навукоўцы гавораць простай, зразумелай мовай пра дзікія і незразумелыя лічбы.
— Там не 3 рэнтгены, а 15 000.
— Што значыць гэтая лічба?
— Што ядро адкрыта. Што пажар, які мы бачым, выдзяляе амаль удвая больш радыяцыі, чым бомба, скінутая на Хірасіму. І так кожную гадзіну. Гадзіну за гадзінай. 20 гадзін пасля выбуху — значыць эквівалентна 40 бомбам. Яшчэ 48 заўтра. І гэта не скончыцца ні праз тыдзень, ні праз месяц. Яно будзе гарэць, распаўсюджваючы атруту, пакуль увесь кантынент не загіне.
Другая — паказвае савецкую ўладу. Яе няўменне прызнаць жахлівую трагедыю і ўзяць адказнасць, яе жаданне «схаваць інфармацыю» і «не дапусціць панікі». «Афіцыйная пазіцыя ўлады: глабальная ядзерная катастрофа не можа адбыцца ў Савецкім Саюзе», — заяўляе кіраўнік камісіі па ліквідацыі наступстваў аварыі Барыс Шчарбіна.
У цэнтры — Міхаіл Гарбачоў (Давід Дэнсік).
Трэцяя — паказвае, як ламаюцца жыцці звычайных людзей, ненароджаных таксама. Мы бачым знаёмую ўжо гісторыю Васіля і Людмілы Ігнаценкаў, яна апісаная ў «Чарнобыльскай малітве» Святланы Алексіевіч. Ён — 25-гадовы пажарны з Прыпяці, які ў ліку першых адпраўляецца тушыць агонь на АЭС. Яна — яго цяжарная жонка, якая кідаецца за ім у Маскву, каб не пакідаць паміраць аднаго. Людміла будзе стаяць сярод іншых жанчын, што вымушаныя хаваць сваіх мужоў у цынкавых трунах, у асфальце і ў брацкай магіле.
Людміла і Васіль Ігнаценкі (Джэсі Баклі і Адам Нагайціс).
«Чарнобыль» Крэйга Мазіна стварае такое ж эмацыйнае напружанне, што і «Чарнобыльская малітва» Алексіевіч. І хоць гэтыя дзве гісторыі абсалютна розныя, яны выдатна дапаўняюць адна адну. Калі Мазін дае разуменне працэсаў, Алексіевіч паказвае лёсы ахвяраў радыяцыі.
Геній беларускай навукоўцы
Улляна Хамюк (Эмілі Уотсан).
Што не можа не спадабацца беларускаму гледачу — у серыяле ў вобразе анёла-выратавальніка паўстае навуковец Улляна Хамюк з Інстытута ядзернай энергетыкі АН БССР. Менавіта яна першай у Мінску разумее, што на АЭС адбыўся выбух і ідзе да партыйнага кіраўніка, каб папярэдзіць пра наступствы. Яна вырашае ехаць у Прыпяць, калі жыхароў ужо эвакуююць, каб сказаць калегу Лягасаву пра тыя фактары, якія могуць справакаваць непапраўныя наступствы ўжо самой ліквідацыі выбуху. Яна едзе ў Маскву ў бальніцу, дзе паміраюць спецыялісты рэактара №4, шукаць праўду і ўзнаўляць ход падзей, каб трагедыя не здарылася ніколі зноў.
Насамрэч Улляны Хамюк не было. Гэта акурат адзін з выдуманых персанажаў, хоць і ключавых у серыяле. Хамюк увасабляе сабой адразу дзясяткі навукоўцаў, якія вывучалі прычыны аварыі і шукалі магчымасці мінімізаваць наступствы.
У серыяле ёсць шэраг такіх недакладнасцяў, але — неверагодна — яны дадаюць тую мастацкую выразнасць карціне, што робіць яе цікавай гледачам з розных кантынентаў.