Ашмяны і Бяроза: як навучыцца жыць лепш за кошт энергаэфектыўнасці

28.05.2019 / 11:13

 Ужо не першы год Еўрапейскі Саюз дапамагае невялікім беларускім гарадам, каб яны змаглі рэалізаваць свае амбітныя праекты ў сферы энергаэфектыўнасці. У рамках новага раўнда праграмы «Пагадненне мэраў — Дэманстрацыйныя праекты» Ашмяны атрымаюць дзіцячы садок новага пакалення, а ў Бярозе ўсталююць сучаснае святлодыёднае асвятленне.

Не толькі эканомія энергіі, але і змяншэнне выкідаў газу

Ашмяны знаходзяцца за 130 кіламетраў ад Мінска. Ашмянскі раён быў адным з першых у краіне, хто далучыўся да ініцыятывы ЕС — «Пагаднення мэраў» у 2012 годзе. Ужо праз два гады раённымі ўладамі быў падрыхтаваны дакумент па ўстойлівым энергетычным развіцці, у якім былі намечаныя асноўныя шляхі, па якіх Ашмянскі раён будзе ісці для зніжэння спажывання энергарэсурсаў і выкідаў парніковага газу ў атмасферу.

Райцэнтр Ашмяны знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці, недалёка ад Літвы.

У 2017 годзе Ашмяны і Бяроза перамаглі ў конкурсе Еўрасаюза «Пагадненне мэраў — Дэманстратыўныя праекты». Заяўкі падавалі больш за сто прэтэндэнтаў.

Ашмянскі райвыканкам.

Сяргей Нікіцін.

Дзіцячы садок №3 у Ашмянах чакае капітальны рамонт і адаптацыя пад энергаэфектыўныя стандарты. «Пры любым капітальным рамонце, не важна, гэта муніцыпальны будынак ці прыватны, ёсць звычайны набор мерапрыемстваў: уцяпленне сцен, замена вокнаў, рамонт дахаў. У гэтым жа праекце разынкай будзе рэалізацыя праектаў, якія пакуль не вельмі папулярныя ў краіне. У садку з'явяцца цеплавыя насосы і сонечныя калектары для падагрэву вады і часткова для ацяпленне памяшканняў. На даху садка будуць усталяваныя сонечныя панэлі для вырабу электраэнергіі. Па выніках аўдыту было рэкамендавана ўкараніць сучасную тэхніку на харчблоку. Самі разумееце, пліты чыгунныя, савецкія», — расказвае Сяргей Нікіцін, які адказвае за рэалізацыю гэта праекта.

Дзеці просяць бацькоў выключаць святло

У фае дзіцячага садка нас сустракаюць дзеткі, які рэпетуюць тэатральнае выступленне для іншых наведнікаў садка і іх бацькоў на тэму энергаэфектыўнасці. На кімсьці з іх прымацаваныя выявы лямпачак, на кімсьці — таршэраў, на камсьці — камп’ютараў.

«Я — камп’ютар. Пачалі працаваць. Вы пра нас дазнаецеся. І нас зберагаеце», — спяваюць хлопчыкі. Меры энергаэфектыўнасці закладваюць у дзяцей з самага малога ўзросту. У садку цяпер 200 дзяцей.

У садку ёсць і свая ініцыятыўная група «Эканомка», якая ходзіць у школы, банкі, цэнтр інвалідаў, бібліятэку, каб паказаць сваё шоу і прымусіць людзей задумацца аб энергаэфектыўнасці. А яшчэ ў рамках «Гадзіны зямлі» выходзілі на вуліцы горада, каб раздаць тэматычныя ўлёткі. Адказвае за гэта намесніца загадчыцы па асноўнай дзейнасці Вольга Куліковіч.

Вольга Куліковіч.

Алена Клышэўская — мама адной з выхаванак дзіцячага садка. Кажа: «Напрыклад, калі дзесьці лішні раз не выключыла святло, то дачка абавязкова нагадае пра гэта і зробіць заўвагу», — расказвае спадарыня Клышэўская.

Эканомія напалову

Уласна да рамонтна-мантажных работ плануюць пераходзіць у верасні гэтага года. Праект мае быць скончаны ў 2021 годзе.

У выніку, калі ўсё атрымаецца, як разлічваюць людзі, што рэалізоўваюць праект, то будзе дасягнутая эканомія прыкладна ў 50—60%. Дакладная лічба залежыць шмат ад якіх фактаў. Але ўсе ўпэўненыя: зменшыць спажыванне напалову абсалютна рэальна. У Беларусі ўстановы адукацыі дзяржаўныя, таму такая эканомія зменшыць нагрузку і на мясцовы бюджэт, што таксама відавочны плюс.

Гэта ўжо не першы падобны праект у Ашмянах. Тры гады таму ў рамках праекта «Энергаэфектыўнасць у школах» нешта падобнае было рэалізавана ў дзіцячым садку №6.

Дзіцячы садок №6 на заднім плане.

Зараз для педагогаў дзіцячых садкоў праводзіцца конкурс на найлепшую метадычку па працы з дзецьмі. Яго вынікі будуць падведзеныя падчас еўрапейскага Тыдня ўстойлівай энергіі. Пераможца конкурсу атрымае планшэт.

«Увесь дзіцячы садок бярэ актыўны ўдзел у такім праекце. Адна сям’я адсачыла, колькі ў іх сыходзіць энергіі дома. І пачала ўласны міні-праект па эканоміі, з вынікамі можна пазнаёміцца ў нас на стэндзе», — запрашае Вольга Куліковіч.

Таццяна Бізукойць, загадчыца садка №3.

Праект на ўвесь горад

У Бярозе Брэсцкай вобласці плануюць змяніць вулічнае асвятленне на святлодыёднае.

Цэнтральныя вуліцы Бярозы.

«Мы плануем, што грошай хопіць на ўвесь горад. Калі не хопіць, то крайнія вуліцы пойдуць на другую чаргу», — расказвае начальнік планава-эканамічнага аддзела Бярозаўскай ЖКГ Дзмітрый Слуцкі.

Дзмітрый Слуцкі.

Новаўвядзенні не абмяжуюцца простай заменай свяцільнікаў на гарадскіх вуліцах. Разам з заменай будуць укараняцца новыя тэхналогіі аўтаматызацыі і сістэмы кантролю. Кіраваць сістэмай асвятлення можна будзе з мабільнага дадатку. Для кожнай вуліцы будуць пісацца свае праграмы па выкарыстанні энергіі.

«Гэта і эканомна, і зручна, і бяспечна», — кажа спадар Слуцкі. Гэта дазволіць мясцовай ЖКГ дасягнуць эканоміі ў памеры 98 тысяч еўра (234 тысячы рублёў) на год, а таксама зменшыць колькасць выкідаў СО2 на 901 тону.

Ужо да канца года некалькі вуліц абновяць сваю сістэму асвятлення. Цяпер у начны час у многіх месцах гарыць толькі адзін ліхтар з трох. З новай жа сістэмай будзе адбывацца дыміраванне, калі ў пэўны час сутак асвятленне працуе не на 100%, а на 70% ці 30%. Пры гэтым не будзе так званых «сляпых зонаў».

Чаго чакаюць гараджане?

Дзякуючы новай сістэме асвятлення зменшыцца не толькі колькасць аварый, але павысіцца бяспека патрульна-паставой службы.

«Мне прыемна бачыць, як развіваецца горад. Будуецца нешта новае, прыгожае, экалагічна бяспечнае», — кажа іншы супрацоўнік ЖКГ Бярозы Павел Ігнацюк.

Павел Ігнацюк.

Гараджане пазітыўна ўспрымаюць змены, які ўжо ў самы найбліжэйшы час чакаюць іх горад.

Валянціна Бык з унучкай.

«Напэўна, прыгожа будзе. Для дзяцей і ўнукаў будзе добра. У мяне адзін сын у Салігорску, а двое тут жывуць. Усё для іх», — кажа пенсіянерка Валянціна Бык.

«Будзе больш эканомна для горада. Новыя тэхналогіі — гэта заўсёды добра. Яны ж будуць больш даўгавечныя. Мы падтрымліваем», — адказвае Сярге Карповіч.

«Павінна стаць лепей. Гэта новая тэхналогія. Я збіраюся далей жыць у Бярозе, таму для мяне гэта плюс. Ідзеш вечарам з дзіцём, то часам не бачна нічога, дзіцяці страшна. Калі на машыне едзеш, то таксама можаш не ўбачыць, ці пераходзіць пешаход дарогу ці не», — расказвае Ксенія Харчук, якая гуляе па цэнтральнай плошчы разам з дачкой Алісай.

Ксенія Харчук з дачкой Алісай.

Любы горад, які далучыўся, ці плануе далучыцца да ініцыятывы ЕС «Пагадненне мэраў», можа ўдзельнічаць у падобных праектах Еўрапейскага саюза. Накіраваны яны не проста на павелічэнне энергаэфектыўнасці канкрэтных будынкаў і аб’ектаў, але паляпшэння якасці жыцця людзей у цэлым.

***

Гэты артыкул быў падрыхтаваны пры падтрымцы Еўрапейскага саюза ў рамках праграмы EU4Energy. Яго змест з’яўляецца адказнасццю аўтара і ніякім чынам не адлюстроўвае пункт гледжання Еўрапейскага саюза.

Зміцер Панкавец, фоты Кацярыны Кузьмічовай