Звольнены «рускі мэр» Рыгі ўнік крымінальнага пераследу

28.05.2019 / 16:57

Экс-мэр Рыгі Ніл Ушакоў і былы віцэ-мэр Рыгі Андрыс Амерыкс больш не фігуруюць ні ў адным з крымінальных расследаванняў, якія вядуцца ў Латвіі, паведамляе Delfi.

Паводле даных латвійскага бюро па прадухіленні і барацьбе з карупцыяй (БПБК), на гэты момант Ушакоў і Амерыкс не з'яўляюцца сведкамі, падазраванымі, абвінавачанымі або асобамі, у дачыненні да якіх вядзецца расследаванне.

Абодва палітыкі ўдзельнічалі ў выбарах у Еўрапарламент па спісах ад партыі «Згода». Па выніках галасавання, якое прайшло 26 мая, яны атрымалі дэпутацкую недатыкальнасць.