Папа Францішак выбачыўся перад цыганамі за пераслед і ўціск

03.06.2019 / 09:59

Пра гэта Папа Францішак заявіў, звяртаючыся да супольнасці цыганоў у Румыніі, дзе ён знаходзіцца з візітам, паведамляе Радыё Ватыкана.

З прадстаўнікамі цыганскай супольнасці Папа сустрэўся ўвечары 2 чэрвеня, падчас наведвання старажытнага цыганскага квартала Барбу-Лэўтару ў горадзе Блаж.

Пантыфік звярнуўся да прысутных з прамовай, у якой, перш за ўсё, перапрасіў ад імя Касцёла за ўціск і дыскрымінацыю, якім на працягу гісторыі падвяргаліся цыганы.

«Нясу цяжар у сэрцы, — прызнаўся Папа. — Гэта цяжар дыскрымінацый, сегрэгацый і дрэннага абыходжання, зведаных вашымі супольнасцямі. Гісторыя кажа нам, што і хрысціяне, у тым ліку католікі, не засталіся ў баку ад гэтага зла».

«Ад імя Касцёла я прашу прабачэння ў Пана і ў вас за ўсе выпадкі, калі на працягу гісторыі мы дыскрымінавалі вас, дрэнна з вамі абыходзіліся або глядзелі на вас памылкова — позіркам Каіна, а не Абэля, і не здолелі спазнаць адзін аднаго, ацаніць і абараніць вас у вашай адметнасці», — сказаў Францішак.

{POLL#863}