У фан-зонах на Еўрапейскіх гульнях з алкаголю будуць прадаваць толькі піва

04.06.2019 / 17:15

У фан-зонах на II Еўрапейскіх гульнях будуць прадаваць толькі піва, набыць моцны алкаголь заўзятары там не змогуць. Пра гэта сёння журналістам паведаміў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, перадае БелТА.

«У фан-сектарах, зонах адпачынку будзе прадавацца піва і не будзе моцнага алкаголю», — сказаў міністр. «Гэта агульнасусветная практыка, яна сябе апраўдвае», — дадаў ён.

Ігар Шуневіч адзначыў, што беларускія праваахоўнікі гатовыя да наплыву заўзятараў Еўрапейскіх гульняў.

«Колькі б гасцей ні прыехала, чым больш, тым лепш, міліцыя справіцца са сваімі задачамі з пункту гледжання забеспячэння бяспекі, арганізацыі прапускнога рэжыму. З гэтым праблем не будзе», — падкрэсліў кіраўнік МУС.