Зяленскі падзякаваў Радзе: Дзякуй, што працягваеце прабіваць дно
08.06.2019 / 05:29
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў відэазвароце падзякаваў Вярхоўнай Радзе за тое, што сваім бяздзеяннем яна даказвае, што яго рашэнне распусціць парламент было правільным.
«Прэзідэнт павінен быць аб'ектыўным, таму, калі ёсць за што, трэба хваліць. Я хачу пахваліць і ад усёй душы сказаць нашай Вярхоўнай Радзе «Вялікі дзякуй»… Дзякуй, што сваёй «плённай працай» даказваеце ўсёй краіне — рашэнне аб роспуску Рады было правільным», — сказаў ён.
Па словах Зяленскага, пасля роспуску парламента ў яго былі сумневы, ці не памыліўся ён з гэтым рашэннем. Аднак за апошнія дні Рада сваімі дзеяннямі яго супакоіла.
«Дэпутаты пакінулі мажарытарку, пакінулі недатыкальнасць, пакінулі старых міністраў, пакінулі старых сілавікоў на пасадах, пакінулі магчымасць не адказваць за незаконнае ўзбагачэнне. Як шмат яны пакінулі наступным пакаленням, сваім дзецям і ўнукам», — абураецца прэзідэнт.
Ён таксама падзякаваў за тое, што Рада не спрабуе спадабацца выбарцам: «Застаяцеся сабой — працягваеце прагульваць».
«Дзякуй, што не спыняецеся і працягваеце прабіваць дно», — працягвае Зяленскі.