Міністрам унутраных спраў стаў ураджэнец Асеціі Юрый Караеў
11.06.2019 / 12:40
Аляксандр Лукашэнка прызначыў міністрам унутраных спраў Юрыя Караева, піша БелТА.
Перад гэтым Караеў працаваў на пасадзе намесніка міністра ўнутраных спраў — камандуючага ўнутранымі войскамі.
Чытайце таксама: Пяць фактаў пра новага міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева
Чытайце таксама: Камандуючы ўнутранымі войскамі Караеў: Люблю абмеркаваць турэмны фальклор з Паўлам Якубовічам
У панядзелак стала вядома, што папярэдні кіраўнік МУС Ігар Шуневіч звярнуўся да кіраўніка дзяржавы з рапартам аб адстаўцы, і Лукашэнка гэтую адстаўку прыняў.
Юрый Караеў і Ігар Шуневіч. Фота ok.ru
«Скажам шчыра, міліцыю трэба трошкі страсянуць у плане дысцыпліны. Ну а для гэтага які патрэбен чалавек — вайсковы. Хаця вы адносна вайсковы чалавек, вы і міліцыю добра ведаеце. Вы там былі ўнутры, вы бачылі гэтыя праблемы. А наогул, таму, чаго не ведаеце, навучыцеся», — сказаў сёння кіраўнік дзяржавы.
Намеснікам міністра ўнутраных спраў Караеў быў з 2012 года, ён прафесійны спецназавец. Вядома, што Юрый Хаджымуратавіч нарадзіўся ў Асеціі, а ў Беларусь трапіў пасля савецкай вучэльні.
«Нашай Ніве» ён неяк расказваў, што ва Унутраных войсках салдатам расказваюць пра гісторыю Беларусі, яе слаўнае мінулае.