Супадзенне, але 20 гадоў запар міністрамі ўнутраных спраў становяцца толькі тыя, хто нарадзіўся па-за межамі Беларусі
11.06.2019 / 19:27
Міністрам унутраных спраў прызначаны ўраджэнец Паўночнай Асеціі Юрый Караеў.
Чытайце: Пяць фактаў пра новага міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева
«А беларуса не знайшлося?», «Няўжо няма кандыдатаў на пасаду з Беларусі?», «То з Украіны, то з Расіі. Беларусаў нельга прызначаць на гэту пасаду?» — вось як гучаць тры самыя папулярныя каментары на форумах Tut.by да навіны пра яго прызначэнне.
Караеў трапіў на тэрыторыю цяперашняй Беларусі яшчэ за савецкімі часамі. Караеў — паўнавартасны грамадзянін Беларусі, няма ніякіх забаронаў ці абмежаванняў на яго знаходжанне на ўплывовай пасадзе.
Чаму тады ўзнікаюць пытанні?
Справа ў тым, што Караеў — пяты запар кіраўнік самай магутнай сілавой структуры, народжаны па-за межамі Беларусі.
Гэта можна лічыць супадзенне, але з 1999 года не было ніводнага міністра ўнутраных спраў, у якога месцам нараджэння ў пашпарце была б пазначана Беларусь.
Юрый Сівакоў (1999-2000) родам з расійскага Сахаліна. Вучыўся на Далёкім Усходзе. У Беларусь трапіў на службу, так і застаўся.
Уладзімір Навумаў (2000-2009) гаварыў з беларускім акцэнтам, але быў ураджэнцам Смаленшчыны.
Анатоль Куляшоў (2009-2012) хоць і вырас у Чашніцкім раёне, быў народжаны на тэрыторыі цяперашняга Азербайджана.
Ігар Шуневіч (2012-2019) нарадзіўся і атрымаў адукацыю ў Луганскай вобласці Украіны.
Нарэшце, Юрый Караеў — ураджэнец Паўночнай Асеціі.
З юрыдычнага пункту гледжання месца нараджэння мае значэнне толькі ў адной сітуацыі. Быць прэзідэнтам дзяржавы можа толькі грамадзянін Беларусі ад нараджэння.