Дачка экс-дыктатара Узбекістана папрасіла прабачэння ў народа і вярнула дзяржаве $1,2 мільярда

24.06.2019 / 10:27

Гульнара Карымава, дачка памерлага ўзбекскага дыктатара Іслама Карымава, якая знаходзіцца ў зняволенні, звярнулася са зваротам да жыхароў Узбекістана.

Тэкст быў апублікаваны ў інстаграм-канале яе дачкі Іман.

Гульнара Карымава папрасіла прабачэння ў народа за «расчараванне, якое яна прынесла». Яна запэўніла, што вярнула дзяржаве актывы на суму $1,2 мільярда.

Апроч таго, яна адмовілася ад прэтэнзій на $680 мільёнаў, якія знаходзяцца на рахунках у Швейцарыі.

Па словах Гульнары Карымавай, ёй патрэбныя дзве аперацыі, таму яна і звярнулася да прэзідэнта Узбекістана.

Яшчэ пры жыцці бацькі Гульнару Карымаву прысудзілі да дзесяці гадоў зняволення і адправілі пад хатні арышт. Некалькі месяцаў таму яе перавялі ў калонію.

Nashaniva.com