ЕС прымусіў электрамабілі шумець. Дзеля бяспекі пешаходаў

02.07.2019 / 16:29

Усе новыя электрамабілі, якія прадаюцца ў краінах Еўрасаюза, павінны мець генератар шуму матора. Новыя правілы набылі моц 1 ліпеня.

На дарогах Еўропы ўсё больш аўтамашын на электрычнай цязе, і іх распаўсюджванне выклікала мноства скаргаў на тое, што электрамабілі ездзяць практычна бясшумна.

У выніку пешаходы не чуюць іх набліжэння, што выклікае рост ДТЗ.

З гэтага часу ўсе новыя электрамабілі ў ЕС павінны прадавацца з генератарамі шуму матора Avas, які будзе аўтаматычна ўключацца, калі машына едзе заднім ходам або перасоўваецца з хуткасцю менш за 19 кіламетраў у гадзіну.

Пры гэтым кіроўцы будуць мець магчымасць адключаць генератар шуму матора, калі яны палічаць гэта неабходным. Як будзе гучаць электрамабіль, можна пачуць тут:

New regulations will require all new electric vehicles to feature a warning noise to alert pedestrians and cyclists.

listen to the warning noise below⬇️ pic.twitter.com/EO6JPK0QUg

— BBC Radio 5 Live (@bbc5live) June 30, 2019

На больш высокай хуткасці штучны гук будзе адключацца, бо хутка машыны ездзяць як правіла альбо па шашы, альбо па дарогах, абсталяваных адпаведнымі пешаходнымі пераходамі і святлафорамі.

З 2021 года ўсе электрамабілі, а не толькі новыя, павінны будуць мець сістэму Avas.

Брытанскі ўрад таксама мае намер забараніць да 2040 года продаж аўтамабіляў з рухавікамі, якія працуюць на бензіне або дызельным паліве.

Да мая 2019 года электрамабілі складалі ўсяго 6,6% усяго аўтапарка Вялікабрытаніі, аднак іх колькасць хутка расце.