Што трэба ведаць, калі вы збіраецеся на Viva Braslav — 2019

11.07.2019 / 17:50

Viva Braslav — Open Air фестываль, што ладзіцца ля Браслаўскіх азёр пачынаючы з 2013-га года. Сёлета фэст пройдзе ўжо ў 7-ы раз.

Мерапрыемства славіцца перманентным аншлагам. Паслухаць музыку ля Браслава хочацца многім. І толькі беларусамі тут не абмяжоўваецца.

Сюды едуць, бо сапраўды ёсць на што паглядзець і што паслухаць. У мінулым годзе на фэсце выступалі Nizkiz, Nuteki, Іван Дорн, Б’янка, Alekseev (той самы ўкраінскі спявак, што прадстаўляў Беларусь на Еўрабачанні ў 2018 годзе).

Раней на Viva Braslav выступалі IOWA, L’One, «Без Білета» і многія іншыя беларускія, украінскія і рускія зоркі.

Чым жа фэст адметны сярод сабе падобных? Напэўна, апроч іншага, тут вырашае лакацыя. Маляўнічыя Браславы вабяць і мясцовых, і турыстаў у любы час, але калі тут можна яшчэ і драйвова адцягнуцца — скарыстацца такой магчымасцю становіцца больш ахвотных. Акрамя лакацыі, фэст цікавы сваімі актыўнасцямі і конкурсамі: штогод тут ладзяць «Miss Viva Braslav», рознага кшталту спартовыя гульні (і не заўсёды ў звыклым фармаце).

Сёлета на фэсце будзе дзейнічаць пляцоўка сацыяльных актыўнасцяў. Гэта дае магчымасць прэзентаваць сваю ініцыятыву, распавесці пра праект праз інтэрактыўны кантакт з гасцямі. Дарэчы, тут вы зможаце паслухаць ідэі і натхніцца дзейнасцю «Асамблеі».

Падрабязную праграму фэста вы можаце паглядзець на сайце. Але варта адзначыць, што ў гэты раз хэдлайнерамі будуць «Ляпіс-98», Ціма Беларускіх, W&W (Нідэрланды), T-Fest, Gruppa Skryptonite.

А ноччу артыстаў заменяць найлепшыя дыджэі, пад сэты якіх вы будзеце танчыць.

Больш інфармацыі пра праезд, артыстаў, конкурсы, квіткі (якіх засталося вельмі мала!) вы знойдзеце на сайце мерапрыемства.

Што: Viva Braslav Open Air

Дзе: Віцебская вобласць, Браслаў, цэнтральны пляж (каардынаты: 55.638215, 27.027924)

Калі: 26-27 ліпеня

Квіткі: 41.95 BYN (стандарт на 2 дні), 159.95 BYN (VIP на 2 дні). Набываць лепш на сайце арганізатараў, бо без камісіі.

Больш інфармацыі: Viva Braslav — 2019.

Nashaniva.com