Лідар апазіцыі Польшчы выказаўся за легалізацыю аднаполых шлюбаў

Выбары пройдуць увосень.

13.07.2019 / 20:53

Кіраўнік апазіцыйнай «Грамадзянскай платформы» Гжэгаж Схетына выказаўся за легалізацыю аднаполых шлюбаў. Пра гэта ён заявіў у суботу ў Варшаве на праграмным форуме «Грамадзянскай кааліцыі», піша Радыё Польшча.

Гжэгаж Схетына прадставіў асноўныя палажэнні перадвыбарнай праграмы гэтай фармацыі. Паводле яго слоў, Грамадзянская кааліцыя ў сваіх дзеяннях будзе рабіць стаўку на ўмацаванне дэмакратычных свабодаў і дэцэнтралізацыю дзяржавы. У гэтай сувязі сярод прыярытэтаў кааліцыі пасля магчымай перамогі на восеньскіх парламенцкіх выбарах Схетына назваў адмену судовай рэформы, што ажыццяўляецца цяпер кіруючай партыяй «Права і справядлівасьць» і яе саюзнікамі.

 Ён таксама заявіў, што сацыяльныя і эканамічныя праграмы, укаранёныя цяперашнім урадам, у тым ліку праграма па фінансавай падтрымцы сем'яў «500+», будуць працягнутыя, але ў новым выглядзе.