На Алясцы выпрабавалі ізраільскую сістэму ПРА для перахвату ракет у космасе

Міністэрства абароны Ізраіля правяло на Алясцы паспяховыя выпрабаванні ракеты «Хец-3» (Hetz-3), прызначанай для перахвату балістычных ракет за межамі атмасферы. Пра гэта паведамляе ізраільскае ваеннае ведамства.

28.07.2019 / 16:11

Выпрабаванні ракетнага комплексу Hetz-3 на Алясцы (Фота: Міністэрства абароны Ізраіля)

Выпрабаванні праводзіліся Міністэрствам аэракасмічнай прамысловасці і абароны Ізраіля сумесна з амерыканскім Агенцтвам па супрацьракетнай абароне, на стартавым комплексе Pacific Spaceport Complex Alaska (PSCA) на востраве Кадзьяк.

У Мінабароны дадалі, што такое месца для выпрабаванняў было абрана для таго, каб пратэставаць магчымасці сістэмы, якія не паддаюцца праверцы на тэрыторыі Ізраіля.

За 10 дзён выпрабаванняў на Алясцы сістэма здзейсніла тры паспяховыя перахваты цэляў. Як удакладняе Jerusalem Post, тэсты ракеты, прызначанай для абароны Ізраіля, упершыню прайшлі на тэрыторыі іншай краіны.

У выпрабаваннях таксама быў задзейнічаны амерыканскі радар супрацьракетнай абароны AN-TPY2. Тэсты паказалі сумяшчальнасць і паспяховую сумесную работу амерыканскай сістэмы выяўлення ракет і новай ракеты ізраільскай супрацьракетнай абароны.