У Лынтупах на пажары загінуў камандзір аддзялення ратавальнікаў. Ён служыў у МНС больш за 20 гадоў

03.08.2019 / 16:22

Уначы 3 жніўня ў гарадскім пасёлку Лынтупы Пастаўскага раёна загарэўся нежылы дом. Сігнал пра гэта паступіў ратавальнікам а 3.00, паведамляе прэс-служба МНС.

Падчас тушэння пажару на 45-гадовага камандзіра аддзялення Германа Макоўскага абрынулася сцяна і дах будынка. Яго калега разам з мясцовымі жыхарамі вынялі мужчыну з-пад завалу, аднак ён ужо знаходзіўся без прыкмет жыцця, паведамляе Следчы камітэт.

Герман Макоўскі працаваў ратавальнікам з 1996 года.

Фота: Следчы камітэт.

Следча-аператыўная група агледзела месца здарэння, апытаныя мясцовыя жыхары. Следчымі канфіскаваныя сляды пажарнага смецця, прызначаныя пажарна-тэхнічная і судова-медыцынская экспертызы.

Фота: Следчы камітэт.

Падчас агляду ўстаноўлена, што ачаг узгарання знаходзіўся ў адным з памяшканняў будынка. Прычына ўзгарання высвятляецца.

Nashaniva.com