Выбух на вайсковым палігоне пад Северадзвінскам звязалі з выпрабаваннямі «Цыркона». У рэгіёне падскочыла радыяцыя

09.08.2019 / 00:19

Выбух і пажар, якія адбыліся на ваенным палігоне ў Архангельскай вобласці ў ходзе тэстаў вадкаснага рэактыўнага рухавіка, могуць быць звязаныя з выпрабаваннямі мабільнай пускавой устаноўкі для гіпергукавай ракеты «Цыркон». Пра гэта «Ленте.Ру» распавялі дзве крыніцы.

Па іх словах, выпрабаванні ракетнага ўзбраення, як мяркуецца, гэтай ўстаноўкі, праводзіліся ў ліпені бягучага года недалёка ад вёскі Ненокса, дзе размешчаны 45-ы дзяржаўны цэнтральны марскі выпрабавальны палігон ВМФ Расіі.

Актывізацыю работ па «Цыркону» пацвярджаюць адкрытыя крыніцы, паводле якіх у канцы 2018 года на палігоне чырвонаармейскага навукова-даследчага інстытута «Геадэзія» праводзіліся выпрабаванні вырабаў 3Л2211 і 3Л2212 (хутчэй за ўсё — рухальныя ўстаноўкі першай і другой ракетных ступеней), вырабленых, імаверна, пермскім НВА «Іскра».

Мінабароны Расіі не раскрывала дэталей здарэння, уключаючы дакладнае месца здарэння і мадэль рухавіка, але і не выступала з абвяржэннем публікацый у СМІ.

У выніку здарэння, як заяўлялі ў ваенным ведамстве, загінулі два спецыялісты Мінабароны, яшчэ шэсць супрацоўнікаў міністэрства і неназванага прадпрыемства-распрацоўшчыка пацярпелі.

Рэальны маштаб здарэння можа быць большы, чым афіцыйна паведамляецца. У 185-тысячным Севераморску, які знаходзіцца за 30 км ад палігона, на кароткі час у 20 разоў падскочыў узровень радыяцыі. Пра гэта паведамілі цывільныя ўлады горада.

Радыяцыйны фон у Беларусі 8 жніўня не мяняўся.

Nashaniva.com