Рух за Свабоду ўнагародзіў старшыню Магілёўскага гарвыканкама
04.02.2009 / 16:13
Грамадскае аб’яднанне «Рух «За Свабоду!» узнагародзіла старшыню Магілёўскага гарвыканкама Віктара Шорыкава дыпломам у намінацыі «Падзея года». Пра гэта паведамляе прэс‑служба арганізацыі.
Старшыня гарвыканкама ўзнагароджаны за намаганні ў вяртанні сімвала самакіравання горада — Магілёўскай ратушы. Ганаровы дыплом перададзены В.Шорыкаву праз ягонага памочніка Паўла Марыненку.
Другім дыпломам у намінацыі «Падзея года» (аднаўленне Магілёўскай ратушы) адзначана ініцыятыва грамадзян. Узнагароду атрымаў каардынатар гэтай ініцыятывы Зміцер Салаўёў.
Дыпломы падпісаныя лідэрам руху «За Свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам, старшынёй выканкама абласной кааліцыі дэмакратычных сіл Рыгорам Кастусёвым і кіраўніком ініцыятывы «Грамадскі магістрат Магілёва» Аляксандрам Сілковым.
Ушанаванне адбылося ў межах урачыстых святкаванняў угодкаў надання Магілёву Магдэбургскага права, арганізаваных актывістамі руху «За Свабоду» і іншымі прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці.