У маладзечанца з машыны скралі кайданкі і шмаравідла
14.08.2019 / 07:15
Здарэнне адбылося яшчэ 10 ліпеня, піша kraj.by
У міліцыю звярнуўся 37-гадовы мясцовы жыхар, які распавёў, што з яго незачыненага аўто нехта скраў 500 даляраў, 50 рублёў, банкаўскую і зніжкавыя карткі, абанемент у спартовы клуб, а таксама сумку з асабістымі рэчамі.
Унутры знаходзіліся электронная цыгарэта і навушнікі. Агульную шкоду маладзечанец ацаніў у 1 266 рублёў.
Міліцыя праз месяц затрымала злодзея, прычым на гарадскім сметніку. Гэта быў 33-гадовы мужчына без пэўнага месца жыхарства.
Той прызнаўся праваахоўнікам, што грошы ён разам з прыяцелем за два дні патраціў на алкаголь, а рэчы раздаў знаёмым. Таксама, паводле яго слоў, у скрадзенай сумцы, акрамя навушнікаў і электроннай цыгарэты, ляжалі бізун, кайданкі, шмаравідла і калода карт. Пра іх жа заяўнік прамаўчаў.
Выкрадзеныя рэчы былі канфіскаваныя, а падазраваны затрыманы.