Мінчук зрабіў вельмі арыгінальны падарунак жонцы на дзень народзінаў. Зараз ім зоймецца міліцыя ФОТА

27.08.2019 / 14:26

Мінчанка выгульвала раніцай свайго памеранскага шпіца і вырашыла зайсці ва ўніверсам. Сабаку пакінула на вуліцы, бо была ўпэўненая, што той нікуды не дзенецца, паведамляе сталічная міліцыя.

У гэты час міма праходзіў мужчына, ён спяшаўся на дзень народзінаў жонкі. А паколькі не меў падарунку, а з пустымі рукамі ісці не хацелася, прыхапіў шпіца. Схаваўшы сабаку пад куртку, мужчына аднёс яго дамоў жонцы.

Выявіўшы знікненне сабакі, гаспадыня звярнулася ў міліцыю. Аператыўнікі на запісах з камер відэаназірання пабачылі выкрадальніка. Ім аказаўся 51-гадовы мясцовы жыхар, які неаднаразова трапляў у поле зроку міліцыі, бо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.

Шпіца праваахоўнікі адшукалі ў кватэры злачынца ды вярнулі законнай уладальніцы.

Фота сталічнай міліцыі