Як правільна: Полацк або Полацак?
Пра напісанне назваў беларускіх гарадоў разважаюць на Радыё Свабода Вінцук Вячорка і Ігар Карней.
31.08.2019 / 20:33
Афіцыйная назва — ПолацкНароднае вымаўленьне — Полацак
Тапонім згадваецца ў «Аповесьці мінулых гадоў» 862—865 гадоў, хоць дасьледнікі і лічаць дату прыблізнай — летапіс укладалі праз 200 гадоў пасьля апісаных падзеяў. Найстарэйшы горад крывічоў і сталіца першай дзяржавы на беларускай этнічнай тэрыторыі.
Імя, што характэрна для многіх беларускіх айконімаў, паходзіць ад назвы ракі — Палатá (магчыма, балцкага паходжаньня, корань азначае ‘балота’) і ў гістарычных крыніцах мае шмат варыянтаў напісаньня: Полотьскъ, Полътескъ, Полоцьк і інш.
У традыцыйным вымаўленьні мясцовых жыхароў назва гучала як Полацак, у зьбегу зычных дзеля мілагучнасьці зьяўляўся ўстаўны галосны (аналягічна Слуцак, Шацак). Гэта было зафіксавана нарматыўнымі слоўнікамі 1920-х гадоў, аднак русыфікацыйная рэформа беларускага правапісу 1933 году ўніфікавала напісаньне беларускае назвы з расейскаю.
Сафійскі сабор у Полацку, малюнак Напалеона Орды, 1875 год
Аналягічны ўстаўны галосны быў у суфіксах тапонімаў Слуцак і Клецак. Але ва ўскосных склонах ён прападае: у Полацку, у Слуцку, у Клецку.
У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», зацьверджаным Дзяржаўным камітэтам па маёмасьці і ўзгодненым з Тапанімічнай камісіяй пры Савеце Міністраў Беларусі, форма Полацак фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа быць прызнаная нарматыўнаю.
Як пераймяноўвалі беларускія гарады
Поруч з імёнамі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, якія прымусам замяніла савецкая ўлада, вось ужо пару соцень гадоў існуюць і «тапонімы з памылкамі».
Вёсак такіх значна больш. Агулам блізу 450 беларускіх паселішчаў пацярпелі ад радыкальнай рэвізіі аўтэнтычных тапонімаў.
Раней, у пару Расейскай імпэрыі, назвы не мянялі радыкальна, а «карэктавалі» адпаведна моўным густам новых гаспадароў.
Спачатку наагул не зважалі на мясцовыя тапанімічныя традыцыі.
«Калі Беларусь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, ні дакумэнталісты, ні гісторыкі, ні картографы таксама не парупіліся пра дакладнасьць перадачы беларускіх айконімаў на расейскую мову, — пісала выбітная беларуская тапанімістка Валянціна Лемцюгова. — Яны запазычвалі ўжо гатовыя польскія формы і запісвалі іх кірыліцкай графікай. У выніку шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, зь неўласьцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі».
Але пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага ўлады Расейскай імпэрыі пачалі выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны — дзеля зьмены ідэнтычнасьці жыхароў заваяваных земляў. У 1866 годзе яны ўзяліся мяняць назвы вуліц беларускіх гарадоў ды склалі сьпіс паселішчаў, назвы якіх «подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае» і якім неабходна было надаць «местные русские названия». Толькі ў Горадзенскай губэрні такіх паселішчаў было 558, сьведчыць гісторык Іна Соркіна. За часамі СССР практыку працягнулі.
Пэўныя спрадвечныя назвы былі змадыфікаваныя адміністрацыйным чынам, іншыя — стыхійна, але ўсе такія зьмены аддалялі аблічча беларускіх тапонімаў ад першаўзору. Свабода сабрала зьвесткі пра купу гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх пад вонкавым уплывам памянялі выгляд.
- Беразіно ці Бярэзань?
- Брэст ці Берасьце?
- Вілейка ці Вялейка?
- Воранава ці Вярэнаў?
- Гродна ці Горадня?
- Дзятлава ці Зьдзецел?
- Драгічын ці Дарагічын?
- Іванава ці Янаў?
- Калінкавічы ці Каленкавічы?
- Ліёзна ці Лёзна?
- Міёры ці Мёры?
- Мінск ці Менск?
- Мсьціслаў ці Амсьціслаў?
- Навагрудак ці Наваградак?