Князь Игорь & Co.: Русь как торговая корпорация, которая занималась оптовыми поставками рабов
Размышляя об истории, мы часто оцениваем процесс с точки зрения результата. Согласно законам такого ретроспективного видения, Рогволод пришел «из заморья» в Полоцк с твердым намерением создать первое белорусское государство, Миндовг в Новогрудок — собирать белорусско-литовские земли и т д. Тем временем создание первых государств зависело от таких факторов, о которых мы бы и не подумали. О книге члена-корреспондента Академии наук Украины Алексея Толочко «Очерки начальной Руси» пишет Андрей Скурко.
21.10.2019 / 12:31
Від на азёры побач з гарадзішчам вікінгаў Маскавічы. Фота Сяргея Гудзіліна.
Уявіце, што вы не ўмееце чытаць. А цяпер раскажыце пра сваіх продкаў — як яны жылі, як іх звалі, — грунтуючыся толькі на тым, што чулі ад родных цягам жыцця. Пра бабулю-дзядулю — без праблем, але пра тых, што былі 200 год таму?
У найлепшым выпадку пра іх захаваецца некалькі перакручаных і туманных легендаў. Накшталт той, з якой Аляксей Талочка пачынае кнігу: пра герцага Рола, які жыў спачатку ў Аланіі (?!), а пасля паплыў са сваімі людзьмі на трох караблях вакол Еўропы, знайшоў зямлю, дзе не было парадку — Нармандыю, — там пасяліўся, стаў кіраваць — і ад яго пайшлі герцагі нармандскія.
Сюжэт пра перасяленне дынастыі з далёкай зямлі быў пашыраны ў еўрапейскай міфалогіі. Згадаем хоць бы «пачынальніка» літоўска-беларускай шляхты, рымляніна Палямона. І толькі ў адным выпадку такое паданне ўсур’ёз прымаецца сучаснымі даследчыкамі — гісторыя «паклікання варагаў» на Русь з «Аповесці мінулых гадоў».
Заморскія госці. Мастак Мікалай Рэрых. 1901 год.
З гэтага летапісу «ёсць пайшла» кананічная гісторыя Усходняй Еўропы ад IX стагоддзя. Талочка звяртае ўвагу на яе слабыя месцы і нацяжкі ды прапануе ўявіць гісторыю скандынаваў і славян на берагах Дняпра без адсылак да «Аповесці…».
Мінус чатыры, плюс адзін
Пытанне, як складальнік летапісу, кіеўскі манах сярэдзіны ХІІ стагоддзя, не маючы энцыклапедый і падручнікаў, апісаў падзеі 200-гадовай даўніны, ставілася і раней. Летапіс намагаліся рознымі спосабамі «састарыць»: акадэмік Аляксей Шахматаў, напрыклад, вычляняў з яго «пачатковыя» зводы. Аляксей Талочка, наадварот, лічыць, што ніякіх ранейшых зводаў не было.
Ён звяртае ўвагу на нумералагічную заканамернасць «мінус 4 плюс 1» вакол дамоваў кіеўскіх князёў з Візантыяй 911, 944 і 971 гадоў, што цытуюцца ў летапісе. За чатыры гады да кожнай з дамоваў «Аповесць…» паведамляе пра паход русаў на Канстанцінопаль, а праз год пасля кожнай з дамоваў князь, які яе падпісваў, памірае. Супадзенне? Не думаю, як той казаў.
Даследчык лічыць, што гэтая частка летапісу была сканструяваная аўтарам «Аповесці…» на аснове тэкстаў тых самых дамоваў, атрыманых з канстанцінопальскага архіва. Менавіта з іх, а не з міфічных «пачатковых летапісных зводаў» складальнік дазнаўся імёны першых кіеўскіх князёў.
Ён разважыў, што дамовы пазначалі замірэнне пасля вайсковых дзеянняў — і напісаў пра паходы, якія не згадваюцца пад тымі самымі датамі ў візантыйскіх хроніках. Таксама ён пабачыў, што кожную наступную дамову падпісвае новы князь — і «ўмярцвіў» Алега, Ігара і Святаслава адпаведна праз год пасля дамовы з імператарам.
Калі гэта так, дык цалкам верагодна, што паміж гэтымі вядомымі нам князямі ў Кіеве кіраваў хтосьці іншы, каму не пашчасціла трапіць у якасці «архонта»-князя на старонкі візантыйскага архіва. Можа, пляменнік Вольгі, які згадваецца ў адной з дамоваў? Можа, нейкі Акун (Хакон), які, па ўсім бачна, таксама меў высокі статус? А мо жанчына? Апроч княгіні Вольгі, у дамове стаяць імёны Прадславы і Сфандры. Прадславай, нагадаем, праз 150 год назвалі полацкую князёўну, будучую святую Еўфрасінню.
Даляры дзявятага стагоддзя
Можна многа казаць пра далучанасць беларускіх земляў да гоцкай дзяржавы караля Германарыха ці да Хазарскага каганата, але гістарычны час на абшары Усходняй Еўропы прынеслі скандынавы. Дзякуючы ім, «нічыйны» куток на перыферыі цывілізацыі набыў суб’ектнасць, трапіў на старонкі германскіх хронік, арабскіх падарожных нататак, візантыйскіх дакументаў. І зазнаў процьму бедаў.
Сёння ўжо мала засталося аматараў выводзіць назву «Русь» ад густых росаў, што выпадаюць на беларускіх і ўкраінскіх паплавах раніцай. Ці ад невялікай ракі пал назвай Рось, якая цячэ ў цэнтральнай Украіне і ўпадае ў Дняпро. Большасць навукоўцаў пагадзілася, што «русь» — ад скандынаўскага слова «весляры». Так называлі сябе вікінгі, якія веславалі, гандлявалі і ваявалі на рэках Усходняй Еўропы. Русы — ідэнтычнасць, якую набывалі скандынавы, знаходзячыся тут.
У самой назве нашай краіны — Беларусь — захаваўся той скандынаўскі корань.
Але што тут трэба было вікінгам? Ні багатых, як у Англіі, манастыроў, ні ўрадлівых палеткаў, ні гарадоў — толькі лес, населены досыць агрэсіўнымі плямёнамі. І скандынавы наўрад ці палезлі б сюды, калі б не дырхем.
Арабскі дырхем з Казьянкаўскага скарбу, знойдзенага пад Полацкам. Фота: polotsk.museum.by
Гэтая невялікая срэбная манета, якую білі ў Арабскім халіфаце, была далярам VIII—X стагоддзяў. Яна хадзіла ад Цэнтральнай Азіі да атлантычнага ўзбярэжжа і Скандынавіі. І шлях да багатых рынкаў Хазарыі, на якіх разлічваліся дырхемамі, ляжаў па ўсходнееўрапейскіх рэках. А на іх лясістых берагах знайшліся тавары, якія маглі зацікавіць хазарскіх ды арабскіх купцоў: звярыныя футры і нявольнікі.
Варажская сям’я Х стагоддзя, якая жыла ў Балтыйскім рэгіёне. Аўтар Крузэ, надрукавана ў часопісе Magasin Pittoresque (Парыж, 1843 год). Фота: shutterstock.com by Мarzolino
«Русы жывуць далёка на поўначы, не ведаюць сельскай гаспадаркі, гандлююць футрамі собаляў і вавёрак, а таксама рабамі, якіх здабываюць, нападаючы з караблёў на славян, каб пасля прадаць у Булгары ды Ітылі. Мячы ў іх франкскай работы, і носяць яны іх увесь час каля сабе», — пісаў арабскі падарожнік. Гандаль нявольнікамі быў няпростым бізнэсам, патрабаваў інфраструктуры. На ўсім шляху ад ракі Волхаў да нізоўяў Волгі ўзнікалі стаянкі чоўнаў, пункты абмену, зімоўкі, лагеры, месцы для ўтрымання рабоў. Гэтая справа фармавала і характары: стаўшы «русамі», многія варагі ўжо ніколі не вярнуліся ў Скандынавію.
Срэбны крызіс
Як сёння сусветная эканоміка залежыць ад курсаў асноўных валют, так і тысячу год дабрабыт русаў быў абумоўлены палітычным становішчам на далёкім Блізкім Усходзе, прадуктыўнасцю арабскіх срэбных капальняў. Першы крызіс ударыў па іх у 870-я — з нейкіх прычынаў прыток дырхемаў ва Усходнюю Еўропу скараціўся. Праўда, пасля на поўначы Ірана стабілізавалася дзяржава Саманідаў, русы адшукалі шляхі да яе рынкаў праз Волжскую Булгарыю, — і рака срэбра паплыла з яшчэ большай сілай.
Цягам Х стагоддзя, падлічылі навукоўцы, з Блізкага Усходу было выпампавана на поўнач 125 мільёнаў дырхемаў — гэта 4,8 тоны срэбра штогод. Скарбы, знойдзеныя пад Гараўлянамі на Глыбоччыне, у Казьянках пад Полацкам, у Старым Дзедзіне Клімавіцкага раёна, у Касаляках — Кармянскага, паказваюць, што беларускія землі таксама былі ўключаныя ў працэс. Адзін Казьянкаўскі скарб складаецца амаль з васьмі тысяч дырхемаў і важыць 20 кілаграмаў. А колькі яшчэ не знойдзена!
З’яўленне на Дняпры
Падчас першага срэбнага крызісу, шукаючы новых рынкаў, русы з’явіліся на Дняпры і разведалі дарогу ў Канстанцінопаль. З Візантыяй можна было гандляваць, туды можна было наймацца служыць. Цэны былі не такія салодкія, як хазарскія: за раба ў Канстанцінопалі можна было атрымаць эквівалент не 200 грамаў золата, але прынамсі 180.
Але не золата і срэбра найбольш цікавіла росаў у «Царградзе». Яны праглі шаўковых тканін. Візантыя была адзінай краінай хрысціянскага свету, якая вырабляла шоўк. Барвовыя гладкія тканіны не проста радавалі вока, не проста былі лёгкімі і кампактнымі — яны былі сімвалам улады і прэстыжу: у шаўковыя строі ўбіраліся імператар і яго двор. Была ад яе практычная карысць: у шаўковай адзежы не плодзяцца вошы. Па Дняпры і Дзвіне візантыйскі шоўк даходзіў аж да Біркі, тагачаснай гандлёвай сталіцы Швецыі.
Магчыма, у той самы час русы звярнулі ўвагу і на ўзгоркі пры ўпадзенні Дзвіны ў Палату? Шлях у Балтыку праз Полацк быў бліжэйшы, чым праз Ноўгарад. Паводле Талочкі, Полацк кантралявала незалежная ад Кіева група русаў. Яна, відаць, мела свой навар з транзіту.
У адрозненне ад срэбра, шоўк у зямлі гніе, таму падлічыць хоць прыкладна, колькі тонаў яго прайшло праз Беларусь на поўнач, немагчыма. Дый кніга Талочкі не кранае наўпрост гісторыі Беларусі, яна засяроджаная на Кіеве. Але дапамагае зразумець агульную логіку і механізмы дзеяння варажска-«рускай» супольнасці ва Усходняй Еўропе тысячу год таму.
Карпарацыя — гэта дзяржава мінус легітымнасць
Адна з ключавых думак аўтара: «Дзяржавы не заўжды ўзнікаюць як ад пачатку палітычныя арганізацыі і не абавязкова задумляюцца нават самімі стваральнікамі як тое, што мае суверэнітэт, праводзіць нейкую асэнсаваную палітыку ці ажыццяўляе ўладу над насельніцтвам ці тэрыторыяй».
Бо тое, што існавала на кіеўскіх гарах да часоў Уладзіміра Святаслававіча, можна было назваць хутчэй гандлёвай кампаніяй, чым дзяржавай. Кіеўская Русь мала чым рознілася ад Кампаніі Гудзонавага заліва, якая ў XVII стагоддзі скупляла на перапродаж звярыныя футры ў індзейцаў і трапераў Паўночнай Амерыкі.
Агулам гандлёвыя карпарацыі мінулага часта паводзілі сябе як дзяржавы: Ост-Індская вяла войны і будавала чыгункі, Кампанія Гудзонавага заліва займала гіганцкія тэрыторыі. Адзінае, чаго ім не хапала, — легітымнасці ўлады. Іх маглі нацыяналізаваць адной пастановай брытанскага парламента.
Як выглядаў бізнэс кіеўскіх русаў? Досыць падрабязна пра гэта піша візантыйскі імператар Канстанцін VII Парфірародны ў павучанні сыну Раману. З яго нататак можна зразумець, што русы не валодалі ніякай тэрыторыяй, апроч самога Кіева ды фартоў па Дняпры са складамі і памяшканнямі, каб трымаць нявольнікаў. Увосень яны выпраўляліся ў палюддзе па землях саюзнікаў-славян. Збор тавару — пушніны і рабоў — працягваўся паўгода. Увесну русы фармавалі караван і плылі па Дняпры ў Канстанцінопаль збываць сабранае за восень-зіму. З такіх двух цыклаў і складалася іх жыццё.
Гібель рускага флоту пад Царградам. Аўтар Фёдар Бруні. Каля 1839 года. Гэты напад на Канстанцінопаль «невядомага народа з краю зямлі» ў візантыйскіх хроніках датуецца 860 годам. Ці ўдзельнічалі ў ім кіеўскія русы — невядома.
«Кампаніі-дзяржавы», піша Талочка, даволі доўгі час могуць існаваць без тэрыторыі. Усё, што трэба, — сетка фартоў і гандлёвых факторый, якія кампанія кантралюе, і флот для хуткай камунікацыі паміж апорнымі пунктамі. Плюс рэсурсная зона. «Росы кіруюць не дзяржавай, а вялікай дарогай. Гэта як сёння кантралявалі б сетку аўтазаправак уздоўж галоўнай аўтастрады», — піша Талочка.
Ці бралі палачане Царград?
Талочка звяртае ўвагу на тое, што згаданыя вышэй дамовы русаў з Візантыяй хутчэй гандлёвыя, чым міждзяржаўныя. Яны рэгулююць эканамічныя адносіны ды правілы гандлю ў Канстанцінопалі рускіх купцоў.
У першых пагадненнях члены сям’і, якая пасля стане княскім родам, яшчэ пералічваюцца нароўні з шараговымі бізнэс-партнёрамі. Магчыма, спачатку іх пышныя тытулы («светлы князь!») выклікалі агульны смех усёй кампаніі, але паступова кантакты з Візантыяй накідвалі пэўныя ўзоры паводзін.
«Калі кантактуеш з дзяржавамі, спрабуеш вытлумачыць сябе ў зразумелых ім катэгорыях, — адзначае даследчык. — Аднак неабходна працяглае ўздзеянне чужародных ідэй, каб купцы-ваяры пачалі ўсур’ёз думаць пра сваю эканамічную зону як пра дзяржаву, пра сябе — як пра князёў, а пра сваіх тубыльцаў — як пра падданых».
Варажскі атрад у Візантыі. Малюнак-рэканструкцыя канца ХІХ стагоддзя.
Ці былі тыя дамовы вынікамі ваенных паходаў? Налёты варажскіх флатылій на Канстанцінопаль здараліся, яны фіксуюцца ў візантыйскіх хроніках. Але няма пэўнасці, што іх ініцыятарам і правадыром з’яўляўся лідар кіеўскай групы русаў. Бо пасля разгрому вікінгаў ён працягваў спакойна гандляваць на царградскіх кірмашах.
Як паказваюць аналагічныя рэйды на Англію ці Францыю, пірацкія флатыліі фармаваліся без ніякай цэнтралізаванай структуры і агульнага камандавання.
А для нас тут самае прыкрае, што паход 907 года з прыбіваннем шчыта да варотаў Царграда, у якім «удзельнічалі» крывічы і палачане, падобна, быў выдуманы. Летапісец спрабаваў накласці рэальнасць свайго ХІІ стагоддзя — з трывалай ужо дзяржаўнай структурай і падпарадкаванымі землямі — на пачатак Х-га. Бо адной з мэтаў летапісу было падкрэсліванне легітымнасці ўлады.
Гандаль людзьмі: сведчанні
Гандаль нявольнікамі неяк абмінаецца ўвагай, калі пішуць пра былінна-гераічнае паўставанне першых рускіх княстваў. Тым часам пра гэты бізнэс русаў згадваюць арабскія падарожнікі, у дамовах Візантыі з русамі вызначэнне цаны на жывы тавар ідзе асобным пунктам.
Вікінг прапануе дзяўчыну-рабыню персідскаму купцу ў горадзе Булгар на Волзе. Мастак Том Лоўэл.
Апроч дакументальных крыніц, ёсць і археалагічныя сведчанні. Такія, як гіганцкія магільнікі каля адносна невялікіх пасяленняў. Так, у Гнёздаве каля Смаленска — каля 5 000 пахаванняў тае пары. Цяжкія пераходы і дрэнныя ўмовы ўтрымання выклікалі высокую смяротнасць сярод нявольнікаў. Яшчэ адзін ускосны доказ — багатыя рэчавыя знаходкі ў аддаленых ад гандлёвых шляхоў і рэк мясцінах: імпартныя тавары і ўпрыгожанні, а таксама састарэлую заходнюю зброю там можна было атрымаць толькі ў абмен на жывы тавар, адзначае даследчык.
Ён праводзіць паралель з дзейнасцю партугальцаў у Заходняй Афрыцы ў XV—XVII стагоддзях: яны таксама аддавалі перавагу абмену — не лавілі рабоў у трапічных лясах, а дамаўляліся з мясцовымі князькамі пра пастаўкі ўзамен на прадметы раскошы і прэстыжу.
Шэраг даследчыкаў піша, што на беларускіх землях гандаль нявольнікамі дажыў да ХІІ стагоддзя — у часы Глеба Менскага яго цэнтрамі сталі Менск і Друцк.
Сацыяльная катастрофа 950-х
Ператварэнне кіеўскай гандлёвай карпарацыі ў дзяржаву адбылося толькі ў часы Уладзіміра Святаслававіча, лічыць Талочка. Другі срэбны крызіс 950-х цалкам спыніў прыток дырхемаў з Блізкага Усходу, і русы, якія «працавалі» на волжскім кірунку, зніклі бясследна з усёй сваёй інфраструктурай.
Дняпроўская русь, у адрозненне ад волжскай, захавалася. Яна была скансалідаваная, мела перад вачыма прыклад Візантыі, а хаос даў ёй магчымасць перафарматавацца. Кіеў пераходзіць на ўнутраныя рэсурсы, а для гэтага трэба кантроль над тэрыторыяй і падпарадкаванне насельніцтва. Замест ранейшых гандлёвых паселішчаў масава з’яўляюцца ўмацаваныя дзядзінцы.
Водгуллем той сацыяльнай катастрофы могуць быць летапісныя гісторыі пра забойства Ігара (ён чамусьці другі раз за год пайшоў у палюддзе да драўлянаў), усталяванне Вольгай «пагостаў» — месцаў збору даніны. Дый захоп Полацка, які ў крызіс губляў ранейшае гандлёвае значэнне, ці не з гэтай серыі?
Князь Уладзімір па старой памяці спрабаваў кантраляваць гандлёвыя шляхі, адзначае Талочка: і лагічна тут выглядае адсылка падрослага сына Ізяслава ў Полацк, на Дзвіну, а Яраслава — у Растоў, на Волгу. Паралельна ідзе раздача «сталоў», не звязаных з гандлёвымі маршрутамі — асваенне і падпарадкаванне тэрыторыі. Адбываецца і хрышчэнне, а разам з ім — перайманне візантыйскіх узораў Царквы і ўлады.
Гісторыя і маршруты «Полацкай гандлёвай карпарацыі» яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў. Ці будзе ў гэтай гісторыі месца прыгожай легендзе непакорнай Рагнеды? Ці яна, як «прызванне варагаў», будзе аднесеная да агульных месцаў еўрапейскай дынастычнай міфатворчасці? Як бы ні было, але свет аматара гісторыі, які прачытае кнігу Аляксея Талочкі, ужо ніколі не будзе ранейшым.
Шмат знаходак, а тапонімаў няма
Колькасць скандынаўскіх артэфактаў эпохі вікінгаў ва Усходняй Еўропе большая, чым у Англіі ці Нармандыі. А тапонімаў скандынаўскага паходжання фактычна няма. Значыць, лічыць Талочка, скандынавы не перасяляліся сюды масава (у адрозненне зноў жа ад Англіі і Нармандыі), раз не змаглі навязаць свае назвы тубыльцам.
І жылі яны пераважна ў гарадскіх цэнтрах. Артэфакты ж могуць быць ускосным сведчаннем развітага гандлю нявольнікамі.
Варажскі шлем з кургана Чорная Магіла на Чарнігаўшчыне. Другая палова Х стагоддзя.
Рольф Пешаход, сын Рагнеды
Доктар гістарычных навук Алег Латышонак лічыць, што імёны полацкага князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды трапілі ў летапіс са скандынаўскай «Сагі аб аркнейцах», у якой згадваюцца Рагнвальд, ярл Морэ, і яго жонка Рагнхільд.
Той Рагнвальд называецца бацькам Рольфа Пешахода, заваёўніка Нармандыі (пешаходам яго звалі за вялізны рост: ніводзін конь не мог панесці; праўда, коні тае пары былі нашмат драбнейшыя за сучасных, як і людзі). А на Дзвіну Рагнвальд-Рагвалод і Рагнхільд-Рагнеда «перанесліся», лічыць гісторык, пад уплывам «Сагі пра Рольфа Пешахода». У ёй згадваецца кароль Рэгвід, што ў маладосці падпарадкаваў Падзвінне.
Латышонак звяртае ўвагу, што імя Рагвалод з’яўляецца ў полацкай княскай галіне толькі ў ХІІ стагоддзі — пасля напісання «Аповесці…». Усяслаў Полацкі, які назваў так свайго сына, мог даведацца пра Рагвалода і Рагнеду з летапісу. І ў наш час не кожны ведае імя прапрадзеда, што ўжо казаць пра ХІ стагоддзе.
* * *
Рагнар Лодбрак і Фрода на Дзвіне
Саксон Граматык, дацкі гісторык, у сваёй хроніцы «Дзеі данаў», складзенай у ХІІ стагоддзі, адначасова з кіеўскім летапісам, згадвае Полацк (Paltisca), які захапіў хітрасцю напаўміфічны кароль Даніі Фрода І, перамогшы мясцовага правадыра Веспасія (Uespasius). Фрода прыкінуўся памерлым, Веспасій расслабіўся — і даны ўзялі горад.
«Вешпатс» па-літоўску — «гаспадар воласці». Суаднесці караля Фрода з нейкім гістарычным персанажам ці вызначыць час апісаных падзей немагчыма. Пра Фрода яшчэ пісалі, што ён, не меўшы грошай на вайну, забіў дракона і завалодаў яго скарбамі — гэта да таго, наколькі можна лічыць сагі надзейнай крыніцай.
Вядомы па серыяле «Вікінгі» Рагнар Лодбрак таксама згадваецца ў «Дзеях данаў» у сувязі з Дзвіной. У перадсмяротнай песні, кінуты ў яму са змеямі, ён прыгадвае свае подзвігі «ля вусця Дзвіны». Рагнар, паводле Саксона Граматыка, ваяваў там з «гелеспонтцамі», якіх узначальвалі каралі Дыян і Дакса, а таксама з русамі і скіфамі. Рагнар бываў на Гелеспонце яшчэ двойчы: калі помсціў за сына Хвітсерка, забітага там, і калі вяртаўся ў Данію з Міжземнага мора. Рагнар Лодбрак — таксама міфічны персанаж, у вобразе якога сышліся лёсы двух-трох скандынаўскіх конунгаў рознага часу.
***
« І вось адзін з іх злучаецца са сваёй дзеўкай, а таварыш яго глядзіць на яго»
Адну з груповак русаў пабачыў на Волзе арабскі вандроўнік Ібн Фадлан (і гэта стала асновай для фільма «Трынаццаты воін» з Антоніа Бандэрасам):
«Я не бачыў людзей з больш дасканалымі целамі. Яны падобныя да пальмаў, румяныя, чырвоныя. Яны не носяць ні куртак, ні каптанаў, але носіць які-небудзь муж з іх ліку кісу (плашч), якой ён пакрывае адзін свой бок, прычым адна з яго рук выходзіць з яе. У кожнага маецца сякера, і меч, і нож, і ён не расстаецца з тым. Мячы іхнія плоскія, з баразёнкамі, франкскія. І ад краю пазногцяў да шыі ў іх маюцца выявы дрэў, рэчаў і людзей. …На шыях у іх жанчын некалькі радоў маністаў з золата і срэбра, бо, калі чалавек валодае дзесяццю тысячамі дырхемаў, ён спраўляе жонцы адно маніста, а калі дваццаццю — два, і такім чынам кожныя дзесяць тысяч, якія ў яго дадаюцца ў выглядзе маністаў у яго жонкі. Яны найбруднейшыя з стварэнняў Алаха — не ачышчаюцца ні ад спаражненняў, ні ад мачы, і не абмываюцца ад полавага бруду, і не мыюць сваіх рук пасля ежы. Яны прыбываюць са сваёй краіны на Ітыль, а гэта вялікая рака, і будуюць на яе беразе вялікія дамы з дрэва, і збіраецца іх у адным такім доме і дзесяць, і дваццаць, і ў кожнага лава, на якой ён сядзіць, і з імі дзеўкі-рабыні — захапленне для купцоў.
І вось адзін з іх злучаецца са сваёй дзеўкай, а таварыш яго глядзіць на яго. Часам жа злучаюцца многія з іх адзін насупраць аднаго, і ўваходзіць купец, каб купіць у каго-небудзь з іх дзеўку, і застае яго. Але рус не пакідае яе, пакуль не задаволіць сваю патрэбу».
Зняць рэалістычнае кіно пра эпоху вікінгаў вельмі цяжка: занадта шакуючая была б для сённяшняга гледача тагачасная рэальнасць.
* * *
Маскавічы
Скандынаўскае гарадзішча ў сённяшнім Браслаўскім раёне. Гісторык Андрэй Катлярчук называе яго фарпостам Полацкага княства, што кантраляваў мяжу з балтамі і волакі на Браслаўскіх азёрах. Стаіць над возерам Дзябро, з яго праз азёры і раку Друйку можна трапіць у Дзвіну.
Археолагі адшукалі ў Маскавічах, апрача скандынаўскіх рэчаў ды зброі, мноства надпісаў скандынаўскімі рунамі і малюнкаў на костках свойскай жывёлы. Надпісы — магічныя замовы, варажскія імёны… Заняпад Маскавічаў у пачатку ХІІІ стагоддзя супадае са з’яўленнем рыцараў-мечаносцаў, якія пабудавалі Рыгу і ўзялі пад кантроль гандаль па Дзвіне.
* * *
Аляксей Талочка — гісторык-медыявіст, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. Жыве ў Кіеве.