Брэсцкі аблвыканкам патрабуе ад кампаніі Лемяшэўскага, што пабудавала акумулятарны завод, вярнуць 5,7 мільёна рублёў

04.09.2019 / 16:23

Віктар Лемяшэўскі. Фота Станіслава Коршунава, Tut.by

Пра гэта праціўнікам будаўніцтва акумулятарнага завода сказаў старшыня камітэта эканомікі Міхаіл Бацэнка, піша Радыё Свабода.

Пра тое, што брэсцкі аблвыканкам разарваў з кампаніяй «АйПауэр» дамову аб выдзяленні сродкаў інавацыйнага фонду Брэсцкага аблвыканкама, журналістам сказаў кіраўнік аблвыканкама Анатоль Ліс.

Пра гэта стала вядома два тыдні таму на спецыяльнай прэс-канферэнцыі. Грошы з бюджэта вобласці выдзяляліся на будаўніцтва акумулятарнага завода, бо ён быў прызнаны інавацыйным праектам. Паводле дамовы, заключанай паміж брэсцкім аблвыканкамам і «АйПауэр», да 1 жніўня 2019 года завод павінен быў быць уведзены ў эксплуатацыю. Часткова гэтую суму патрацілі на праектныя працы. Афіцыйна завод так і не запусцілі. 14 жніўня аблвыканкам накіраваў у «АйПауэр» ліст з патрабаваннем вярнуць грошы.

Яны не выканалі сваю частку дамовы, таму Рэспубліка Беларусь мае права ў аднабаковым парадку адмовіцца ад сваіх абавязанняў, — сказаў на сустрэчы з праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага завода кіраўнік камітэта эканомікі аблвыканкама Міхаіл Бацэнка. — Дамова скончылася 31 ліпеня, і яе ніхто працягваць не будзе».

Паводле словаў Міхаіла Бацэнкі, грошы кампаніі «АйПауэр» выдзяляліся не толькі з інавацыйнага фонду брэсцкага аблвыканкама, але і з Беларускага інавацыйнага фонду. З абласнога інавацыйнага фонду на акумулятарны завод пад Брэстам было выдзелена 5,7 млн рублёў. Гэтыя грошы брэсцкі аблвыканкам патрабуе цяпер вярнуць. Яшчэ 4,6 млн «АйПауэр» атрымаў з Беларускага інавацыйнага фонду. Пра прэтэнзіі па гэтай суме пакуль нічога невядома.

Па словах чыноўніка, вярнуць грошы ў бюджэт вобласці «АйПауэр» павінна да 14 верасня. Калі гэтага не адбудзецца, аблвыканкам звернецца ў суд. Да сумы 5,7 мільёна рублёў могуць дадацца сумы штрафу і пені, калі праваахоўныя органы знойдуць парушэнні фінансавага заканадаўства.

У размове са Свабодай Бацэнка пацвердзіў праўдзівасць агучанай актывістам інфармацыі. «Так, гэта праўда, — сказаў чыноўнік. — Мы патрабуем вярнуць суму памерам 5,7 мільёна рублёў».

У кампаніі «АйПауэр» сітуацыю пакуль не каментуюць. Сам Віктар Лемяшэўскі цяпер пад вартай у СІЗА КДБ у Мінску. Па словах старшыні Камітэта дзяржбясьпекі Валера Вакульчыка, разам зь ім затрыманыя два чыноўнікі Мінпрыроды.

Nashaniva.com