Мінчуку не хацелі павялічваць пенсію, бо не зразумелі запіс у працоўнай кнізе па-беларуску
Жыхар Мінска праз суд адстаяў права на справядлівую пенсію. Пра гэта паведамляе сайт Генеральнай пракуратуры.
11.09.2019 / 11:35
У 1995-1997 гадах мужчына працаваў кіроўцам-экспедытарам у прадстаўніцтве латвійскай кампаніі ў Беларусі. Гэта пацвярджалася запісам у яго працоўнай кніжцы.
Аднак для вызначэння працоўнага стажу і налічэння пенсіі гэтыя гады не ўлічылі. Чаму?
Выявілася, што ў працоўнай кніжцы назва прадпрыемства была запісаная па-беларуску, а рускамоўная версія гучала і пісалася інакш. Таму яе і не знайшлі ў базе падаткаплацельшчыкаў.
Суд Першамайскага раёна Мінска, куды звярнуўся мужчына, гэтага не зразумеў, таму і адмовіў яму ў справядлівай пенсіі.
Аднак пракуратура апратэставала рашэнне, і Мінскі гарадскі суд адмяніў папярэднее рашэнне раённага суда. Пастаноўлена задаволіць патрабаванні мужчыны.